ве́села,
1. Прысл. да вясёлы. Дружным хорам шчабечуць шпакі, весела пасвістваюць івалгі і дразды. Якімовіч.
2. безас. у знач. вык. Аб стане весялосці, радасным настроі. Вечарамі ў інтэрнатах было людна і весела. Грахоўскі. Весела на полі, Слаўна пад бярозкай, Хоць ты сядзь-спачынь. Колас.
веслава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. веславаць.
веслава́ць, вяслую, вяслуеш, вяслуе; незак.
Грабці вёсламі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. Я ў рукі ўзяў вясло, Вяслую з поўнай сілай. Пушча.
веслано́гія, ‑іх.
Атрад вадаплаўных птушак, у якіх пальцы злучаны перапонкамі.
веснавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да вясны. Веснавыя дні. Веснавыя кветкі. // Які адбываецца вясной. Веснавая навальніца. Веснавая сяўба. Веснавыя канікулы.
веснахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Паэт. Хада вясны. Толькі ціха сніцца зорам крыгалом і веснаход. Машара. // Надыход светлых, радасных падзей, з’яў і пад. Яшчэ шмат хто глядзіць мо варожа На ўспенены дзён веснаход... Гурло.
ве́сні, ‑яя, ‑яе.
Паэт. Веснавы. На вясёлкавым кані Едзе першы весні гром Нашым полем за сялом. Танк.
ве́снік, ‑а, м.
Тое, што і вястун. Прыбег прамень, ад сонца ясны веснік, І абвясціў людзям: вясна ідзе. Пушча.
ве́сніцы, ‑ніц; адз. няма.
1. Вароты ў двор або з двара ў агарод, у поле. Мы ўвайшлі ў двор — звыклы сабе сялянскі двор, з хлевушкамі, павеццю, весніцамі на прыгуменне. Чорны. Нямала было пасля.. весніц на чужых дварах, з якіх я выганяў штодня чужую жывёлу. Брыль.
2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Сонца ўжо звярнула з поўдня, калі з весніц вёскі.. паказалася чарада кароў. Якімовіч.