Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шархе́бель, ‑я, м.

Інструмент для першаснага грубага стругання драўніны — род рубанка. Так неўпрыкметку вывучыў .. [хлопчык] сталярны інструмент, уведаў, дзе і калі ўжываецца калёвачка, адборнік, .. шархебель. Пальчэўскі.

[Ням. Schärfhobel.]

ша́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шархаць.

шархо́ткі 1, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які ўтварае шорхат, шуміць, шапаціць. Вецер .. гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шархоткія статкі лісцяў. Быкаў. Дым імпэтна, нібы хто цягне яго, узвіваецца над гнуткімі шархоткімі лазнякамі і знікае бясследна ў блізкай зусім цемры. Савіцкі.

шархо́ткі 2, ‑так; адз. шархотка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Абл. Бомы, шамкі. Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх. — Маладыя прыехалі!.. Броўка.

шарху́бель, ‑я, м.

Тое, што і шархебель.

шарша́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тоўстая і доўгая іголка. Зноў збіраемся ля вогнішча, глядзім, як дзядзька Ігнат шаршаткай сшывае аброць, і чакаем. Ваданосаў.

ша́ры, ‑ая, ‑ае.

Абл. Шэры. Шары змрок глядзеўся ў цішыню Рыгоравага пакоя. Гартны.

•••

Шарая гадзіна гл. гадзіна.

ша́рык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да шар (у 2 знач.); невялікі шар. Каля стаялых азярчын засвяціліся залацістыя шарыкі вербалозу. Даніленка. Сядзела [Саша] моўчкі, хмурылася і ляпіла з хлеба шарыкі і зоркі. Шамякін.

•••

Белыя крывяныя шарыкі — лейкацыты.

Чырвоныя крывяныя шарыкі — эрытрацыты.

ша́рыкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Забяспечаны шарыкамі; які дзейнічае пры дапамозе шарыка, шарыкаў. Шарыкавыя падшыпнікі. Шарыкавая аўтаручка.

2. Які мае выгляд, форму шарыка; які нагадвае шарык. Шарыкавы метэарыт.

шарыкападшы́пнік, ‑а, м.

Шарыкавы падшыпнік.

шарыкападшы́пнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шарыкападшыпніка, прызначаны для вырабу шарыкападшыпнікаў. Шарыкападшыпнікавы завод. Шарыкападшыпнікавая сталь.