Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стрэ́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стрэсваць — стрэсці.

стрэ́свацца, ‑аецца; незак.

Зал. да стрэсваць.

стрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да стрэсці.

стрэ́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стрэсці.

стрэ́сці, страсу, страсеш, страсе; страсём, страсяце; пр. строс, стрэсла; зак., каго-што.

1. Трасучы, скінуць што‑н. Доўнар адвярнуўся, рухамі плячэй строс снег з каўняра і .. зняў футра. Дуброўскі. Дрэмле ветрык і на ўзвышшы Нават кветкі не калыша, Не страсе расы. Колас.

2. Трасучы, змяшаць разам. Стрэсці сена з саломай.

стрэ́сціся, страсецца; пр. стрэслася; зак.

Разм. Здарыцца, адбыцца. А .. [сяляне] ж цяпер самі — улада. Толькі адкрый ім вочы, каб паверылі ў сябе, каб зразумелі, што стрэслася ў свеце. Грахоўскі.

стрэ́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стрэць.

стрэ́цца, стрэ́нуся, стрэ́нешся, стрэ́нецца; зак.

Разм. Тое, што і сустрэцца. Часта бачу, Трывожная, у сне, Як праводзіць мяне ён Дадому. А не знаю, Ці прыйдзецца мне Стрэцца з другам сваім невядомым. Дзеружынскі. Ужо за парогам Цімошка азірнуўся, стрэўся вачыма з Зосяй. Хомчанка. Лепей з воўкам у лесе стрэцца, як на панскай печы грэцца. Прыказка.

стрэць, стрэ́ну, стрэ́неш, стрэ́не; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і сустрэць. Нас жа стрэнуць у вёсцы, У палескай, у новай, Пасланцоў маладосці Самым ветлівым словам. Нядзведскі. Цяпер жа, пасля гэтага разладу з-за дзічкі, [Платон] стрэў [Марыну] са злосцю: — Га! Прыйшла коза да воза!.. Ракітны.

стрэ́ча 1, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і сустрэча. Сцяжына песні, вядзеш куды ты Шырокім полем, высокім жытам? Якую стрэчу за небакраем, Якую радасць ты абяцаеш?.. Танк. Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу стрэчу. Астрэйка. Васіль быў таксама, вельмі ўражаны гэтай нечаканай стрэчай: яму стала горача, у роце адразу зрабілася суха; рукі выпусцілі лейцы. Савіцкі.

стрэ́ча 2, ‑ы, ж.

У выразах: у першай стрэчы (абл.) — дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у другой стрэчы (абл.) — траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у трэцяй стрэчы (абл.) — пра далёкае сваяцтва. Хлопцы смяюцца: — Што ты, цётка Марфа. Старшыня сельсавета ў двары. Ён цябе ў турму ўпячэ. — Алеська? Не ўпячэ. Я яму цётка. Хоць у трэцяй стрэчы, але цётка. Шамякін.