стрэ́ча 1, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і сустрэча. Сцяжына песні, вядзеш куды ты Шырокім полем, высокім жытам? Якую стрэчу за небакраем, Якую радасць ты абяцаеш?.. Танк. Калі нас куля праміне, Мы адсвяткуем нашу стрэчу. Астрэйка. Васіль быў таксама, вельмі ўражаны гэтай нечаканай стрэчай: яму стала горача, у роце адразу зрабілася суха; рукі выпусцілі лейцы. Савіцкі.
стрэ́ча 2, ‑ы, ж.
У выразах: у першай стрэчы (абл.) — дваюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у другой стрэчы (абл.) — траюрадны (брат, сястра, цётка, дзядзька); у трэцяй стрэчы (абл.) — пра далёкае сваяцтва. Хлопцы смяюцца: — Што ты, цётка Марфа. Старшыня сельсавета ў двары. Ён цябе ў турму ўпячэ. — Алеська? Не ўпячэ. Я яму цётка. Хоць у трэцяй стрэчы, але цётка. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)