Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шакала́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Кандытарскі выраб, які атрымліваецца шляхам перапрацоўкі зерня какавы з цукрам і дабаўленнем розных смакавых і араматычных прыпраў. Плітка шакаладу. □ Раіса аддае.. [жанчыне] свой шакалад і ўгаворвае, што гэта вельмі карысна — падмацавацца ў такі момант шакаладам. Шамякін. // Напітак на малацэ з парашку гэтага вырабу. Пакалыхваючыся ў вагоне яшчэ дзесьці за Варшавай, фон Крубер у гэты час піў цёплы шакалад, праглядаючы свежую берлінскую газету. Шахавец.

[Ісп. chocolade.]

шакала́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Плітка шакаладу. Пасля сказала [дзяўчынка]: — А мне баба Каця прыносіла, як ехала да Генькі, вафлі і дзве шакаладкі. Чыгрынаў.

шакала́днік, ‑а, м.

Той, хто вырабляе шакалад.

шакала́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да шакаладнік.

шакала́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шакаладу. Шакаладная маса. Шакаладны парашок. // Які вырабляе шакалад. Шакаладная фабрыка. // Прыгатаваны з шакаладу, з шакаладам. [Цукеркі] былі розных гатункаў і памераў: і плітачкамі — шакаладныя, і доўгія, як сігары, — мятныя, і круглыя, як арэхі. Гамолка.

2. Колеру шакаладу, карычневы. Жанчыны ў просценькіх стракатых уборах і амаль усе ў хустках, мужчыны без кашуль — у саколках і галіфэ, хлопцы і падлеткі найбольш голыя па пояс і шакаладныя ад загару. Карпаў.

шакалі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шакала, які ўласцівы шакалу. Шакалінае выццё. // Які складаецца з шакалаў. Шакаліная зграя.

шакі́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шакіраваць.

шакі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

Уст. Адчуваць няёмкасць, усхваляванасць ад якога‑н. учынку, выказвання, што парушае правілы прыстойнасці.

шакі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Бянтэжыць, ставіць у няёмкае становішча каго‑н. сваімі паводзінамі (парушаючы правілы прыстойнасці). Лазарэвіча спярша шакіравалі і фамільярныя, адносіны да яго гэтай прыгожай жанчыны і яе ледзь не блатняцкі жаргон. Паслядовіч.

[Ад фр. choquer.]

шал, ‑у, м.

1. Псіхічны стан чалавека, ахопленага вялікім гневам, узбуджэннем; шаленства, раз’юшанасць. Віктар яшчэ болей чырванее; вочы, звужаныя шалам, зыркаюць дзёрзка і нядобра. Савіцкі.

2. Гарэзлівасць, свавольства; гулянка. І сэрца поўняць маладыя сілы, І хмеліць галаву вясновы шал. Бураўкін. Роўныя, як на падбор, былыя дзесяцікласніцы пачыналі шалы ў вадзе, на беразе. Мыслівец. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Прымаўка.