сталава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сталавацца.
сталава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.
Харчавацца, мець стол (у 2 знач.) дзе‑н. або ў каго‑н. [Сяргей:] — Знайшоў кватэру недалёка ад заводзіка. Каморка невялічкая. Дамовіўся з гаспадыняй наконт харчу. Буду ў яе сталавацца. Машара. [Саша] ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што, калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч — яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Шамякін.
сталагмі́т, ‑а, М ‑міце, м.
Вапняковае ўтварэнне на дне пячор, якое ўзнікае пры падзенні капель вады, насычанай кальцыем і вуглякіслым газам.
[Ад грэч. stalagma — капля.]
сталагмі́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сталагміта, з’яўляецца сталагмітам. Сталагмітавыя ўтварэнні. // Са сталагмітамі. Сталагмітавая пячора.
сталакты́т, ‑а, М ‑тыце, м.
Вапняковае ўтварэнне на столі і сценах пячор, якое ўзнікае ад прасочвання і выпарання вады, насычанай кальцыем і вуглякіслым газам.
[Ад грэч. stalaktos — які капае.]
сталакты́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сталактыта, з’яўляецца сталактытам. Сталактытавыя ўтварэнні. // Са сталактытамі. Сталактытавая пячора.
ста́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць сталага (у 1–3 і 5 знач.); высокая ступень развіцця, дасканаласці. Сталасць думак. Творчая сталасць пісьменніка. Палітычная сталасць моладзі. □ Роля Марылькі была пераходнай ад травесці да гераінь, яна сведчыла аб сталасці таленту актрысы, аб яе акцёрскім майстэрстве. «Полымя». Сярод таварыш[а]ў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сур’ёзнасцю. Колас.
2. Стан арганізма, які дасягнуў поўнага развіцця. Васемнаццаць год — час юнацкай сталасці.
•••
Атэстат сталасці гл. атэстат.
сталаўні́к, ‑а, м.
Разм. Той, хто сталуецца, харчуецца ў каго‑н. за плату. — А самі ж вы дзе жывяце? — запытаў Лабановіч. — На кватэры ў горадзе. Са мною жыве і мая маці, — адказаў Стась і дадаў: — Яна ў мяне сталаўнікоў утрымлівае. Колас. У свайго сталаўніка гаспадыня толькі спытала, адкуль ён і колькі прабудзе на возеры. Навуменка.
сталачы́ць, ‑лачу, ‑лочыш, ‑лочыць; зак., што.
Разм. Патаптаць, вытаптаць (траву, пасевы). Коні сталачылі ячмень.