ду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Асільваць, перамагаць. Астап, які дужаў мядзведзяў у маладыя гады, лёгка адпіхнуў яго. Лынькоў. У васемнаццаць гадоў не сустракаў [Адам] па сіле роўнага, усіх дужаў — і аднагодкаў, і старэйшых. Чарнышэвіч.
ду́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.
1. Памянш. да дуга (у 1, 2 знач.); невялікая дуга. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала. Колас.
2. Ручка ці якая‑н. іншая частка прадмета ў форме невялікай дугі. Здалёк чуліся.. [Вольчыны] лёгкія крокі і рытмічна, у такт хады, пазвоньвалі дужкамі пустыя вёдры. Ракітны.
3. Адзін з парных знакаў прыпынку ў выглядзе простай або закругленай вертыкальнай рысы; адзін з парных матэматычных знакаў такой жа формы. Узяць у дужкі. Вынесці за дужкі.
•••
Квадратныя дужкі — дужкі тыпу [].
Круглыя дужкі — дужкі тыпу ().
Фігурныя дужкі — дужкі тыпу {}.
ду́жы, ‑ая, ‑ае; дуж, дужа.
1. Значнай фізічнай сілы; здаровы, вынослівы. Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем], быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Прыказка. / Пра часткі цела. Юркавы рукі былі нязвыкла дужыя і па-мужчынску ўпэўненыя. Карпаў.
2. Разм. Вялікі, значны па ступені праяўлення, велічыні. Дужы вецер. Дужы мароз. □ Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі. На дне ракі Тлустыя самы замёрзлі, Спяць пра лета шчупакі... Панчанка.
дужэ́ць, ‑э́ю, ‑э́еш, ‑э́е і дужа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.
Разм. Станавіцца дужэйшым, набірацца сіл; мацнець, узмацняцца. Хлопчык любы, дужэй і гадуйся спакойна. Зарыцкі. І рукі дужэлі, і кола штурхала было паслухмяна марацкім рукам. А. Вольскі. Гул набліжаецца, дужае, аж угінаецца зямля. Колас.
ду́йка, ‑і, ДМ дуйцы, ж.
Абл. Замець, завея. Назаўтра мы ішлі дамоў, І дуйка пачалася: Круп[ы] халодны вецер меў, Цямнела не па часе. Гаўрусёў.
дука́т, ‑а, М ‑каце, м.
Старадаўняя сярэбраная, затым залатая манета ў некаторых заходнееўрапейскіх краінах.
[Іт. ducato.]
ду́ла, ‑а, н.
Ствол агнястрэльнай зброі. Шумідуб моўчкі чысціў дула кулямёта, час ад часу настаўляючы яго на агонь і пазіраючы, як у падзорную трубу. Шчарбатаў. // Выхадная адтуліна ствала. Лейтэнант.., убачыўшы пад носам дула нагана, даволі спрытна ўзняў рукі. Лынькоў.
дуле́бы, ‑аў; адз. дулеб, ‑а, м.
Старажытнае ўсходнеславянскае племя, якое жыло ў вярхоўях Заходняга Буга і Прыпяці.
ду́ліна, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і дуля (у 1, 2 знач.).