Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ду́жа, прысл.

Надта, вельмі, надзвычай. У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх успомніш усе. Лынькоў. Час быў дужа трывожны. Корбан. Ліпачцы дужа шкада было бабулькі. Сабаленка.

ду́жанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дужацца.

ду́жасць, ‑і, ж.

Фізічная сіла; бадзёрасць. Дужасці ў старога яшчэ не бракуе. Хадкевіч. [Жаданне выратавацца] прыдало аслабелай дзяўчыне дужасці. Мележ. Каторы раз выручала хлопца яго немалая прыродная дужасць, непераборлівасць да ўмоў жыцця і, вядома, суровая армейская загартоўка. Быкаў.

ду́жацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., з кім.

Разм. Схапіўшыся адзін з другім, старацца асіліць праціўніка; мерацца сілай. Ніхто з нас не браўся з Грышам дужацца — ён кожнага клаў на зямлю адным махам. Капыловіч.

ду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Асільваць, перамагаць. Астап, які дужаў мядзведзяў у маладыя гады, лёгка адпіхнуў яго. Лынькоў. У васемнаццаць гадоў не сустракаў [Адам] па сіле роўнага, усіх дужаў — і аднагодкаў, і старэйшых. Чарнышэвіч.

ду́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Памянш. да дуга (у 1, 2 знач.); невялікая дуга. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала. Колас.

2. Ручка ці якая‑н. іншая частка прадмета ў форме невялікай дугі. Здалёк чуліся.. [Вольчыны] лёгкія крокі і рытмічна, у такт хады, пазвоньвалі дужкамі пустыя вёдры. Ракітны.

3. Адзін з парных знакаў прыпынку ў выглядзе простай або закругленай вертыкальнай рысы; адзін з парных матэматычных знакаў такой жа формы. Узяць у дужкі. Вынесці за дужкі.

•••

Квадратныя дужкі — дужкі тыпу [].

Круглыя дужкі — дужкі тыпу ().

Фігурныя дужкі — дужкі тыпу {}.

ду́жы, ‑ая, ‑ае; дуж, дужа.

1. Значнай фізічнай сілы; здаровы, вынослівы. Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем], быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Прыказка. / Пра часткі цела. Юркавы рукі былі нязвыкла дужыя і па-мужчынску ўпэўненыя. Карпаў.

2. Разм. Вялікі, значны па ступені праяўлення, велічыні. Дужы вецер. Дужы мароз. □ Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі. На дне ракі Тлустыя самы замёрзлі, Спяць пра лета шчупакі... Панчанка.

дужэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. дужы.

дужэ́ць, э́ю, ‑э́еш, ‑э́е і дужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

Разм. Станавіцца дужэйшым, набірацца сіл; мацнець, узмацняцца. Хлопчык любы, дужэй і гадуйся спакойна. Зарыцкі. І рукі дужэлі, і кола штурхала было паслухмяна марацкім рукам. А. Вольскі. Гул набліжаецца, дужае, аж угінаецца зямля. Колас.