Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дуда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Народны духавы музычны інструмент з дзвюх і больш трубак, устаўленых у скураны мяшок або пузыр, які надзімаецца праз трубку; валынка. Іграць на дудзе. □ Без музыкі, без дуды ходзяць ногі не туды. З нар.

дуда́р, ‑а, м.

Музыкант, які іграе на дудзе. Плыве музыка да хмар, Грае хораша дудар. Шушкевіч.

ду́дачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да дудка; невялікая дудка. Ён як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць. Якімовіч.

2. перан. Разм. Пра вузкае, завужанае адзенне. Вельмі ж не да спадобы Ганне Макараўне штонікі-дудачкі. Марціновіч.

дуддзё, ‑я, н., зб.

Разм. Дудкі (гл. дудка ў 2 знач.). Ссякалі дуддзё [тытуню] і насілі растрасаць на гару. Пташнікаў.

дудзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дудзець, а таксама гукі гэтага дзеяння.

дудзе́ць, дуджу, дудзіш, дудзіць; незак.

Іграць не дудцы, дудзе. // Разм. Гусці. Аднекуль зверху пранозліва дудзіць сігнал маставога крана. Асіпенка. [Максімка] зняў тэлефонную трубку і доўга слухаў, як там нешта дудзела. Сабаленка. // што і без дап. Разм. Аднатонна, нягучна гаварыць, чытаць, спяваць. Дудзець пад нос. □ Голас то змаўкаў, то зноў пачынаў дудзець пра храбрага камара, і ад гэтага аднастайнага дудзення пачынала хіліць да сну. Лынькоў. Лявон канчаў падплятаць лапаць і дудзеў пад нос нейкую сумную песню. Чарот. // перан. Надаедліва паўтараць адно і тое. [Фінцечцы] заўсёды гаварылі, што яна прыгожанькая. Асабліва перад бацькамі. А бацькі штодня дудзелі ёй аб гэтым. Грамовіч.

ду́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Народны духавы музычны інструмент у выглядзе драўлянай або чарацянай трубкі з круглымі дзірачкамі. За бакавым узгоркам чуліся высвісты пастуховых дудак. Гартны.

2. Разм. Сцябліна, звычайна пустая ўнутры. Дудкі чароту. □ Я іду паўз платы, за якімі зелянеюць дудкі цыбулі. Наўроцкі.

•••

Іграць у адну дудку гл. іграць.

Скакаць пад чыю дудку гл. скакаць.

дудкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Доўгі, вузкі і пусты ўнутры. Дудкаватае сцябло.

ду́дкі, выкл.

Разм. Служыць для адмаўлення чаго‑н., адказу ад чаго‑н. [Гарлахвацкі:] Дудкі, грамадзянін Зёлкін! Нідзе ты ад нас не схаваешся! Крапіва.

ду́днік, ‑у, м.

Двух- або шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых з пустым сцяблом і белымі або ружаватымі кветкамі, сабранымі ў парасонікі.