дуб, ‑а і ‑у; мн. дубы, ‑оў; м.
1. ‑а. Буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі. Стогадовы дуб. □ Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць пышны верх яго. Колас.
2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Нарэзаць дубу. Бочка з дубу.
3. ‑а; перан. Разм. Пра высокага, моцнага чалавека. У Жарстана было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Колас. // Пагард. Пра тупога, неразумнага чалавека. — Хоць і дуб ты, скажу табе, але заходзь, кульні з намі чарку: у мяне ж сёння вяселле — гуля-а-ем! Вышынскі.
4. ‑а. Адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне). Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Краўчанка.
•••
Коркавы дуб — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, кару якога выкарыстоўваюць для вырабу коркаў і інш.
Даць дуба гл. даць.
Плесці з дуба вецце гл. плесці.
дубава́тасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць дубаватага.
дубава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Цвёрды, грубы, нязграбны. Ліпкія, настылыя сырамяжныя гужы спавіваюць, давяць грудзі.. Нечыя рукі, мерзлыя, дубаватыя, ціснуць за горла... Пташнікаў. // Праставаты, недасканалы. Дубаваты загаловак. Дубаваты адказ.
ду́бальт, ‑а, М ‑льце, м.
Абл. Падвойная рама, падвойныя дзверы. Каб не дай божа, з крамай што не здарылася, гаспадар закрываў дзверы жалезнымі дубальтамі, а вокны — жалезнымі аканіцамі. Лобан.
[Польск. dubelt з ням. doppelt.]
дубальто́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які складаецца з двух аднародных або падобных прадметаў, частак; падвойны. Дубальтовыя рамы. Дубальтовыя дзверы.
2. З двума стваламі (пра зброю). Дубальтовая стрэльба.
дубальто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Разм. Паляўнічая стрэльба з двума стваламі; двухстволка. Дзядзька Максім пачапіў на плячо добрую тульскую дубальтоўку, а мне пазычыў старэнькую аднаствольную стрэльбу. Пянкрат.
ду́бам, прысл.
Разм. Дыбам, дубка. Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся, наравіўся, дубам станавіўся. Бядуля.
дубано́с, ‑а, м.
Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых з моцнай дзюбай, прыстасаванай для разгрызання костачак пладоў.
дуба́сіць, ‑башу, ‑басіш, ‑басіць; незак.
Разм.
1. каго. Моцна біць, лупцаваць. — Гэтыя раны яго не ад куль, ён не быў на вайне. Гэта яго за пакражы дубасілі. Чорны.
2. па чым, у што. Моцна стукаць, удараць. Дубасіць у дзверы.
дубе́ц, ‑бца, м.
Тонкі гібкі прут; розга. Біць дубцом. □ Дзімка перадаў Крывачубу вуду, рыбу, нанізаную на лазовы дубец, і бягом кінуўся да Сяргея. Краўчанка.