Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дур, ‑у, м.

Разм.

1. Бесталковыя ўчынкі, капрызы. — Дараваць сабе не магу, нашто я тады чытала табе свой верш. Ну, але ты глядзі на гэта, як на дзіцячую забаўку — проста дурная была. Цяпер дур гэты ў мяне прайшоў. Колас.

2. Зацямненне свядомасці, адурэнне. Дур найшоў на чалавека.

•••

Выбіць дур з галавы гл. выбіць.

дуралюмі́н, ‑у, м.

Лёгкі і трывалы сплаў алюмінію і медзі з прымессю марганцу, крэмнію і інш.

[Ад лац. durus — цвёрды і слова алюміній.]

ду́рань, ‑рня, м.

1. Разумова абмежаваны, тупы чалавек. [Паўлінка:] Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе! Купала. Выйшаў дурань з лесу і забыўся, па што яго браты паслалі. Якімовіч. Дурню агню ў рукі не давай. З нар. // Ужываецца як лаянкавае слова. — Тфу, дурань! — аблаяў сам сябе Сцёпка і дадому пайшоў. Колас. // Уст. Юродзівы.

2. (толькі з адмоўем: не дурань); у знач. вык., з інф. Разм. Майстар на што‑н., ахвотнік да чаго‑н. Не дурань паспаць. Не дурань паесці.

3. Адзін з відаў гульні ў карты. Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.

•••

Застацца ў дурнях гл. застацца.

Знайшоў (знайшлі) дурня гл. знайсці.

Набіты дурань — пра вельмі тупога, абмежаванага чалавека, няздольнага разважаць, думаць.

Няма дурняў гл. няма.

Пакінуць у дурнях гл. пакінуць.

Пашыцца ў дурні гл. пашыцца.

Строіць дурня гл. строіць.

Шукаць дурняў гл. шукаць.

дураслі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць дураслівага. Настаўнікі цяпер самі былі падобны да сваіх школьнікаў, чыю дураслівасць ім прыходзілася стрымліваць у часе заняткаў. Колас.

дураслі́вец, ‑ліўца, м.

Свавольнік, дуронік, гарэза. Перад тым як пазваніць, дзед заглядаў у класы і гразіў пальцам самым крыклівым .. дурасліўцам. Скрыпка.

дураслі́вы, ‑ая, ‑ае.

Схільны да свавольства; гарэзлівы, дуроны. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі, — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Колас. Рыгор вінавата ўсміхнуўся, як дураслівы школьнік, якога настаўніца злавіла на месцы злачынства. Крапіва.

дураслі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.

Жан. да дураслівец.

ду́расць, ‑і, ж.

1. Разумовая абмежаванасць, тупасць. І калі што якое рабіў, то па вялікай сваёй дурасці, а не па злому намыслу. Лынькоў. І заўсёды так здараецца, што са складанага становішча выблытаешся, а па ўласнай дурасці пападзешся. Шахавец.

2. Неабдуманы, бязглузды ўчынак. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.

дурата́, ‑ы, ДМ ‑раце, ж.

Разм. Дурасць. Лішняя дабрата — дурата. Прыказка.

дурма́н, ‑у, м.

1. Тое, што адурманьвае, ап’яняе (пра алкаголь, чад, пах і пад.). Надзвычайна прыкра убіраць у грудзі мутны дурман адгону. Нікановіч. // перан. Пра тое, што атупляе розум, свядомасць, з’яўляецца сродкам падману. Рэлігія — дурман для народа.

2. Памутненне свядомасці, розуму; адурэнне, ап’яненне. Дурман у галаве. □ Толькі калі часам нап’ецца якісь вясковы хлопец і пачне ў п’яным дурмане задзірацца, жанчыны гаварылі: «Якраз як Сашка Марцінаў». Машара.