Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

душ, ‑а, м.

1. Прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменьчыкамі. Мыцца пад душам.

2. Гігіенічная і водалячэбная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела струменяў вады. Прыняць душ. Гарачы душ. Халодны душ.

[Фр. douche.]

душа́, ‑ы; мн. душы, душ; ж.

1. Паняцце, якое выражала гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл (у дыялектычным матэрыялізме слова «душа» ужываецца толькі як сінонім паняцця «псіхіка»). Сама старая ніяк не магла заснуць. Збунтаваў ёй усю душу гэты хлопец. Брыль. Недзе ў глыбіні душы успыхнулі крыўда і рэўнасць. Шамякін. // У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная аснова жыцця чалавека, носьбіт псіхічных працэсаў. // У рэлігійных уяўленнях — бессмяротная нематэрыяльная першааснова ў чалавеку, якая адрознівае яго ад жывёл.

2. Сукупнасць характэрных рыс, уласцівых асобе; чалавек з тымі ці іншымі ўласцівасцямі. Чалавек добрай душы. Сціплая душа. // Пра сардэчнага, добразычлівага чалавека. Душа-чалавек. // Пачуццё, натхненне; тэмперамент. Іграць з душой. □ Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце, у каго душа была. Гарэцкі.

3. Разм. Чалавек. Ні адна душа ведаць не будзе. □ На лузе — ні душы. Брыль. // Пра чалавека як адзінку насельніцтва. Сям’я з трох душ.

4. перан. Натхніцель, арганізатар чаго‑н. Душа ўсёй разведкі — Маруся. Брыль.

5. (звычайна са словам «мая»). Разм. Сяброўскі фамільярны зварот да каго‑н. — Паглядзі, душа мая, што гэта робіцца ў нашым царстве... Якімовіч.

6. Тое, што і дух (у 2 знач.). Слабым душой здавалася ў той год, Што і змагацца больш ужо не варта. З. Астапенка.

•••

Адвесці душу гл. адвесці.

Аддаць богу душу гл. аддаць.

Адзін (адна, адно) душою гл. адзін.

Адкрытая душа — пра адкрытага, чэснага, прамога чалавека.

Адкрыць (раскрыць) душу гл. адкрыць.

Адпусціць душу на пакаянне гл. адпусціць.

Ад (усёй) душы — шчыра, усім сэрцам.

Браць (узяць) грэх на душу гл. браць.

Браць (узяць) за душу гл. браць.

Выматаць усю душу гл. выматаць.

Выняць душу гл. выняць.

Вытрасці душу гл. вытрасці.

Да глыбіні душы гл. глыбіня.

Для душы — для задавальнення ўнутраных, духоўных патрэб.

Душа апала — тое, што і сэрца апала (гл. сэрца).

Душа (сэрца) баліць (ные) — а) чыя, у каго хто‑н. перажывае, зведвае душэўныя мукі. Як успомніш былое, душа баліць; б) за каго-што непакоіцца, перажываць за каго‑, што‑н. Душа баліць за сына.

Душа наросхрыст — пра адкрытага, шчырага чалавека.

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго — няма цікавасці, прыхільнасць сімпатый да каго‑, чаго‑н.

Душа не на месцы — пра пачуццё трывогі, непакою.

Душа ў душу — дружна, у поўнай згодзе (жыць, дзейнічаць і пад.).

Душа ў пятках (у пяткі) — хто‑н. адчувае моцны страх.

Душой і целам — цалкам, поўнасцю.

Загавець душой гл. загавець.

З адкрытай душой — шчыра, нічога не тоячы.

Закінуць іскру ў душу гл. закінуць.

Залезці (улезці) у душу гл. залезці.

За мілую душу — з задавальненнем.

Заячая (зайчыная) душа — пра палахлівага чалавека.

З дарагой душой — ахвотна.

З душы верне гл. вярнуць.

З лёгкай душой — тое, што і з лёгкім сэрцам (гл. сэрца).

Крывая душа — пра няшчырага, крывадушнага, хітрага чалавека.

Крывіць душой гл. крывіць.

Лезці ў душу чыю гл. лезці.

Мёртвыя душы — пра людзей, якія толькі фіктыўна лічацца дзе‑н.

Напляваць у душу гл. напляваць.

(Не) мець за душою гл. мець.

Ні адной жывой душы — нікога, ні аднаго чалавека.

Ні капейкі за душой гл. капейка.

Няма за душой гл. няма.

Па душы каму (у знач. вык.) — па густу, падабаецца.

Па чыю душу (жарт.) — па каго‑н.

Стаяць над душой у каго гл. стаяць.

У глыбіні душы гл. глыбіня.

У душы — у думках, унутры.

Хварэць душой гл. хварэць.

(Хоць) душа вон — нягледзячы ні на што, абавязкова.

Цягнуць за душу каго гл. цягнуць.

Чарнільная душа (уст.) — пра канцылярскага чыноўніка-фармаліста.

Чортава душа — пра каго‑н. упартага, непаслухмянага, шкадлівага.

душавы́, ‑ая, ‑бе.

1. Які мае адносіны да душа. Душавая ўстаноўка. □ У кватэрах прадугледжаны і газавыя пліты, і прасторныя балконы, і душавыя пакоі, і зручныя сценныя шафы. Грахоўскі.

2. у знач. наз. душава́я, ‑ой, ж. Памяшканне з душавымі прыстасаваннямі. Зайсці ў душавую.

душагрэ́йка, ‑і, ДМ ‑грэйцы; Р мн. ‑грэек; ж.

Разм. Цёплая жакетка (звычайна на ваце, футры) без рукавоў. Арганізатары паездкі прадбачылі і гэта. Каму холадна — далі на час паездкі душагрэйкі. Галавач.

душагу́б, ‑а, м.

Разм. пагард.

1. Забойца. — Скажыце, людзі добрыя, якую кару заслужыў гэты душагуб? Якімовіч.

2. Ужываецца як слова лаянкі. Мар’янка борзда ўстае і кідае свёкру. — Душагуб, злодзей! Колас.

душагу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Жан. да душагуб.

2. Разм. Вузкі няўстойлівы рыбацкі човен. Адхонны бераг Ніны застаўлен чаўнамі і чайкамі-душагубкамі. Колас.

3. Разм. Спецыяльна абсталяваная аўтамашына, якой карысталіся нямецкія фашысты для масавага знішчэння людзей атрутным газам.

душагу́бства, ‑а, н.

Разм. Забойства, ліхадзейства.

ду́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад душыць ​1.

2. Пашкоджаны, расплюшчаны ціскам. Душаныя слівы.

душапрыка́зчык, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — асоба, на якую завяшчальнік ускладваў выкананне завяшчання.

душапрыка́зчыца, ‑ы, ж.

Жан. да душапрыказчык.