дужы, ‑ая, ‑ае; дуж, дужа.

1. Значнай фізічнай сілы; здаровы, вынослівы. Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем], быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Прыказка. / Пра часткі цела. Юркавы рукі былі нязвыкла дужыя і па-мужчынску ўпэўненыя. Карпаў.

2. Разм. Вялікі, значны па ступені праяўлення, велічыні. Дужы вецер. Дужы мароз. ▪ Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі. На дне ракі Тлустыя самы замёрзлі, Спяць пра лета шчупакі... Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)