Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вадапе́рыца, ‑ы, ж.

Вадзяная шматгадовая травяністая расліна сямейства першакветных, сцяблы якой сцелюцца пад вадой.

вадапла́ўны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: вадаплаўныя птушкі — агульная назва птушак, якія жывуць на вадзе.

вадапо́й, ‑ю, м.

1. Месца на рацэ, возеры, дзе пояць жывёлу, куды прыходзяць піць звяры. А з гушчару сцежкаю глухою Падыходзіць нехта к вадапою. Бялевіч.

2. Паенне жывёлы вадою. Надыходзіла паўдня. Час быў гнаць каровы на вадапой... Чарот. Даяркі спяшаліся на фермы, конюхі выводзілі на вадапой коней. Краўчанка.

вадапо́йны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны, служыць для вадапою. Вадапойнае карыта, вядро.

вадаро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Хімічны элемент, лёгкі газ, які ў злучэнні з кіслародам утварае ваду. Перакіс вадароду. Хлорысты вадарод вадарод.

вадаро́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе вадарод. Вадародзістыя металы. Вадародзісты бром.

вадаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вадароду. Вадародныя іёны. // У якім адной з састаўных частак з’яўляецца вадарод. Вадародныя злучэнні. // Які характарызуецца выдзяленнем, утварэннем вадароду. Вадароднае браджэнне.

•••

Вадародная бомба — разнавіднасць атамнай бомбы, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні ядзернай энергіі атамаў вадароду.

вадарэ́з, ‑а, м.

Край насавой часткі судна, які рассякае ваду.

вадаска́т, ‑у, М ‑скаце, м.

Спад вады з высокага, але не стромага ўступа ў рацэ, ручаі.

вадаскі́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Гідратэхнічнае збудаванне для спуску лішняй вады з вадасховішчаў. Запасны вадаскід.