Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скрыль, ‑я, м.

Адрэзаны вялікі кусок чаго‑н. для яды. Гаспадыня ўжо завіхалася каля стала, на якім стаяла вялікая міска з буйнымі скрылямі ружаватага сала. Новікаў. Пасля, ужо дома, Алесь аберуч трымае зярніста-чырвоны кавуновы скрыль і есць яго — ажно за шыю пацякла. Брыль. // Адбіты, адламаны і пад. кавалак чаго‑н. І для машын няма цяпер спакою: Вывозяць снег, скрылі ільду, як шкло. Тармола.

скрыля́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скрыляць.

скрыля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.

Разм. Нарэзваць скрылікамі. Тым часам на патэльні скваркі напомнілі пра сябе, яны пачалі сквірч[э]ць на розныя лады. Аўген заспяшаўся скрыляць бульбу. Сапрыка. Ксеня .. скрыляе скрэбеную бульбу ў гаршчок. Калюга.

скры́начка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да скрынка.

2. Шкатулка. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, пакрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.

скры́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрынкі. Скрыначны замок.

скрындо́ла, ‑ы, ж.

Уст. Аглобля сахі.

скры́невы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрыні. Скрыневае века.

скры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зробленых з дошак, фанеры, металу і інш. (звычайна з вечкам), і служыць для захоўвання, укладвання і пераносу чаго‑н. Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. Знайшоўшы ў скрынцы стала кавалак хлеба, падаў усё гэта [ваду і хлеб] матцы. Якімовіч. [Павел:] — Я знайшоў у возеры жалезную скрынку. Там грошы... Ваданосаў. Старанна ў скрынкі Іх [дубкі] зноў пасадзілі, Вадой палілі І ад спёкі прыкрылі. Нядзведскі. // Такі ж прадмет, прызначаны для якой‑н. пэўнай мэты. Грашовая скрынка. Снарадная скрынка. □ Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. Колас. Каб стрымаць сябе,.. [Лясніцкі] сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі. Шамякін. / Разм. Пра кузаў аўтамашыны, калёс.

скры́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і скрыначны. Скрынкавыя дошчачкі.

скры́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.

2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.

3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.