скры́ня, ‑і, ж.
1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.
2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.
3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)