шарпа́к, ‑у, м.
Абледзянелая скарынка на паверхні снегу. Уся зямля пакрылася ледзяным шарпаком. Гурскі. Сядзяць [цецерукі], спачываюць, пасля даюць нырца проста на снег; праклёўваюць лёгенькі шарпак, кешкаюцца, што куры ў пяску — рыхтуюць ямкі — пасля зашыюцца ў бачок пад самы снег і паснуць на ноч. Пташнікаў.
шарпані́на, ‑ы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шарпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Святло зноў запалілася, і за дзвярмі зноў пачулася .. Галілеева шарпаніна. Зарэцкі.
шарпану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр., каго-што.
Разм. Драпнуць, зачапіць. Самае цікавае, што за дзесяць гадоў баёў на фронце і ў партызанах Карніцкага ні разу не шарпанула куля. Паслядовіч. // Тузануць. Раптам нехта моцна шарпануў мяне за каўнер. Бажко.
ша́рпацца, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Рвацца (пра адзенне, абутак).
2. Зал. да шарпаць (у 2, 3 знач.).
ша́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго‑н. або ад дотыку чаго‑н.; шуршэць. На дварэ курылася замець. Шарпалі па шыбах голыя галінкі бэзу, нібы прасіліся ў хату пагрэцца. Шашкоў. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку ржышча. Гарэцкі.
2. што. З шумам дакранацца да чаго‑н., кратаць, драпаць што‑н. Чутно стала, як аб пясок разбіваюцца хвалі, нібы якісьці звер шлёпае лапамі па вадзе і шарпае гальку. Дуброўскі. // Шукаць. Мусатаў збялеў. — Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б. Караткевіч.
3. што. Драць. Шарпаць адзенне.
шарсце́ць, ‑ціць; незак.
Абл. Шуршэць, хрусцець (пра што‑н. шорсткае, сухое). Сошка крывенькая дол рэжа плытка, Толькі пясочак шарсціць. Колас. Хлопцу адчулася, як тое шкло шарсціць і скрыгоча ў яго пад нагамі. Кулакоўскі.
шарсці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Асобны валасок шэрсці. Другая [рука] ўздымаецца да барады і пацірае ў пальцах чорныя шарсцінкі. Мурашка.
2. зб. Шэрсць, поўсць. Да шырокім дзядзінцы ёрзалі падсвінкі, ружовыя, з рэдкай шарсцінкаю. Бядуля.
шарсці́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, якасць шарсцістага. Шарсцістасць тканіны.
шарсці́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты шэрсцю; з доўгай або густой шэрсцю. Шарсцістая жывёліна.
2. Пакрыты ворсам, варсінкамі; варсісты. Шарсцістыя пальчаткі. Шарсцістая тканіна.
3. перан. Задзірысты, незгаворлівы, гарачы. [Жанчына:] — Антон, той спакойны. □ Мікіта, ого, дужа шарсцісты. Больш за слова яму не кажы. Ракітны.
шарсці́ць, ‑ршчу, ‑рсціш, ‑рсціць; незак., каго.
Разм. Прабіраць, даваць наганяй. [Анікей] не баяўся выступіць хоць супраць усяе вёскі, і калі ў час прамовы на яго ззаду гыркалі, падколвалі кепікамі, ён паварочваўся тварам да сходу і шарсціў усіх па парадку. Навуменка. [Паромшчык:] — Малады [старшыня] дужа... У раёне хваляць, у вобласць штомесяц клічуць, от і трэба шарсціць, каб не думаў, што ўсё зрабіў. Парахневіч.