шалява́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаляваць.
2. Тое, што і шалёўка (у 2 знач.); абшыўка. Я .. паціху, каб не чула маці, — яна акопвала ў гародзе бульбу, аддзіраю ў шаляванні дошку, каб можна было прасадзіць у шчыліну руку і дастаць ластаўчына гняздо. Сачанка.
шалява́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад шаляваць.
2. у знач. прым. Абшыты дошкамі. Двор быў абнесены тынам, а шаляваныя вароты віселі паміж пашарэлых дубовых шулаў. Чыгрынаў.
шалява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да шаляваць.
шалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
Абшываць шалёўкай (у 2, 4 знач.). Шаляваць хату. □ [Вінцэсь] шаляваў вокны, а сам пасміхаўся, сочачы за Марыляй: яна быццам пасталела, нат падрасла, пасыцела трохі ў целе, але ўсё ж асталася зграбнай. Мікуліч.
шаляні́ца, ‑ы, м. і ж.
1. Безразважны чалавек; дзівак. — Пусці!.. Ах!.. А няхай цябе з маладзіцаю! От шаляніца, чуць усе вантробы не вытрасла, — злаваўся нарокам Сцяпан. Крапіва.
2. Дураслівы, свавольны чалавек. А гэты Юзік-шаляніца, Малы яшчэ, зусім дурніца, Так пад нагамі і таўчэцца. Колас.
шалясце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шалясцець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Вера пачула шум у вёсцы і адразу вылучыла сярод яго звыклае шалясценне таполяў. Кулакоўскі. [Алесю] вельмі захацелася пабачыць Анежку, пачуць яе смех.., пачуць лёгкае шалясценне.. зялёнай сукенкі, у якой ён бачыў яе апошні раз. Броўка.
шалясце́ць, ‑ляшчу, ‑лясціш, ‑лясціць; незак.
Шапацець, шамацець. Салома звонка шалясціць і павявае задуменнасць вялікай далечыні. Чорны. Калыхаліся, шумелі Вольныя бярозы, Шапацелі, шалясцелі Трыснягі ды лозы. Купала. // чым. Утвараць шамаценне, шастанне, шорах. Пад вокнамі хаты ціхутка шалясцелі лістамі адцвіўшыя грушы і яблыні. Новікаў.