Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мініяцюры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да мініяцюрыст.

мі́ні-мо́да, ‑ы, ДМ міні-модзе, ж.

Мода на вельмі кароткае жаночае адзенне.

мі́ні-спадні́ца, ‑ы, ж.

Вельмі кароткая спадніца.

мі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да міны ​1. Па ўсім было відаць, што міннае поле пачыналася недзе на балоце і канчалася крокаў за дваццаць ад зямлянак. Асіпенка.

міно́га, ‑і, ДМ ‑нозе, ж.

Рыбападобная жывёліна, якая сваёй формай нагадвае вугра. Рачная мінога. Марская мінога.

[Ням. Neunauge.]

міно́гавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да міногі. // Прызначаны для лоўлі міногі.

2. у знач. наз. міно́гавыя, ‑ых. Назва сямейства водных бяссківічных пазваночных жывёл, да якога адносіцца мінога.

міно́р, ‑у, м.

1. Спец. Музычны лад, акорд якога грунтуецца на малой тэрцыі; проціл. мажор.

2. перан. Разм. Сумны, прыгнечаны настрой. Рэзкім пераходам у мінор аўтар уводзіць слухача ў кола новых настрояў. «ЛіМ». [Паэты] прымушаюць гучаць слова адначасова і ў мажоры і ў міноры, і сурова-драматычна і мякка-лірычна. Лойка.

[Іт. minore, ад лац. minor — меншы.]

міно́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Іспанская парода яйцаноскіх курэй.

[Ісп. menorca, minorca, ад назвы вострава Менорка ў Міжземным моры.]

міно́рнасць, ‑і, ж.

Якасць мінорнага.

міно́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мінору (у 1 знач.). Мінорны акорд. Мінорная гама. □ Наша тройка ціха павяла мінорны напеў папулярнай .. [у вайну] партызанскай песні. Пянкрат. І ў шчодрым музычным россыпу .. [Малышаў] улоўліваў толькі мінорныя адценні. Хадановіч.

2. перан. Разм. Сумны, журботны. Мінорны настрой. Мінорны тон верша.