злахма́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад злахмаціць.
злачы́нец, ‑нца, м.
Той, хто зрабіў якое‑н. злачынства. — Загад — закон. І хто парушыць яго, будзе адказваць як самы апошні злачынец перад народам, як трус, як здраднік. Лынькоў. Злачынец раптоўна абярнуўся назад і працягнуў руку, у якой быў рэвальвер. Чорны.
злачы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да злачынец.
злачы́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць злачыннага. Злачыннасць намеру. // Наяўнасць, колькасць злачынстваў. Барацьба са злачыннасцю.
злачы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які зрабіў злачынства, парушыў закон. Злачынная банда. // Які заключае ў сабе злачынства. Злачынная палітыка.
злачы́нства, ‑а, н.
Грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае закон і падлягае крымінальнай адказнасці. Крымінальнае злачынства. Дзяржаўнае злачынства. Ваеннае злачынства. □ Філістовіч яшчэ пэўны час спрабаваў выкручвацца, але вопытны следчы крок за крокам выкрываў усё новыя злачынствы былога гітлераўскага служкі. Паслядовіч.
•••
На месцы злачынства гл. месца.
злашча́сны, ‑ая, ‑ае.
Які стаў прычынай няшчасця, непрыемнасці. Злашчасныя затокі, з-за якіх Аксён Каль так многа судзіўся, хадзіў, дабіваўся законнага права на іх, у плане значыліся на сялянскіх землях. Колас. Так, факт быў, была злашчасная выпіўка за зачыненымі дзвярамі крамы. Шамякін.
злая́касны, ‑ая, ‑ае.
Вельмі шкодны, небяспечны для жыцця. Злаякасная пухліна.
зла́яць, злаю, злаеш, злае; зак., каго-што.
Разм. Моцна накрычаць, аблаяць. Мужык той быў чуць не сацыяліст: панскую кабылу назваў брыдка і земскага калісь.. злаяў перад соцкім. Колас.