валачы́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для валачэння. Валачыльны стан.
валачы́льня, ‑і, ж.
Спец. Стальная дошка для валачэння.
валачы́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца валачэннем.
валачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся; пр. валокся, ‑лаклася, ‑лаклося; заг. валачыся; незак.
1. Тое, што і валачыцца (у 1 знач.). // Паволі цягнуцца, сцелючыся над зямлёй. Туман валокся над лагчынамі. Чорны. З захаду валакліся калматыя сіваватыя хмары. Сабаленка.
2. Разм. Ісці з цяжкасцю, вельмі павольна; плесціся. След у след валокся воўк. Лужанін. Недзе ззаду, цяжка дыхаючы, кашляючы, валокся незнаёмец. Лупсякоў. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.
валачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; незак.
1. Цягнуцца па зямлі, падлозе і пад. За трактарамі валачыліся прывязаныя да іх счэпы з плугоў, баран, культыватараў, сеялак. Хадкевіч. Крывая тонкая шабля паручніка валачылася па зямлі. Скрыган. // Хадзіць услед за кім‑н. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк. Лужанін.
2. Разм. Вандраваць, блукаць; бадзяцца. Курачка валачыўся па вёсках і хутарах пад выглядам шаўца. Чарнышэвіч. [Мікола:] — Валачыцца тут [Капейка] хутка год. А хто, адкуль — так і не дойдзеш да ладу. Брыль. [Бацька:] — Дзе ты ноч у ноч валочышся? Навуменка.
3. за кім. Разм. пагард. Заляцацца. А што за.. [Варай] валочыцца і пры кожнай сустрэчы чэпіцца да яе гэты белабрысы брыгадзір Даніла Анішчык, Вара і не вінавата. Дуброўскі.
4. Зал. да валачыць (у 4 знач.).
валачы́ць, ‑лачу, ‑лочыш, ‑лочыць; незак.
1. каго-што. Тое, што і валачы; розніца толькі ў тым, што валачыць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова і ў розны час. Валачыў воўк, павалаклі і ваўка. Прыказка.
2. што. Разм. Насіць (пра адзенне). Скінь лахманы, што доўгія векі, Ты валачыла з кастры, з палыну. Купала.
3. перан., што. Весці бязрадаснае, цяжкае жыццё. [Старац:] Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна. Купала. Гэта была гнедая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць сялянскую горкую долю. Брыль.
4. што. Спец. Рабіць валачэнне. Валачыць дрот.
валачэ́нне, ‑я, н.
Спец. Апрацоўка металу шляхам працягвання праз конусападобныя адтуліны. Валачэнне дроту, труб.
валейбалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Ігрок у валейбол.
валейбалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да валейбаліст.