Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вадзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае дачыненне да вады, утвораны з вады. Вадзяная пара. Вадзяны струмень. □ Вясна .. у некалькі дзён змяніла палескі краявід. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні. Колас.

2. Які расце, жыве ў вадзе. Вадзяное зелле. Вадзяны павук. □ Вада ў канаве была чорная і па тым, як калышацца на яе паверхні лісце нейкіх вадзяных траў, Андрэй Міхайлавіч пазнаў, што канава мае ўласную плынь. Самуйлёнак.

3. Які прыводзіцца ў рух вадою. Вадзяное кола. Вадзяная турбіна. □ Неўзабаве бліснула пакручастая стужка рачулкі, а потым паказаўся і вадзяны млынок. С. Александровіч.

4. у знач. наз. вадзяны́, ‑ога, м. Уст. Тое, што і вадзянік. У багне, пад лазой, Вадзяны канае, З горкаю слязой Топіцца ў канаве. Пушча.

•••

Вадзяная блыха гл. блыха.

Вадзяное ацяпленне гл. ацяпленне (у 2 знач.).

Вадзяны гадзіннік гл. гадзіннік.

Вадзяныя знакі гл. знак.

ва́дкасны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вадкасцей. Вадкасныя манометры.

ва́дкасць, ‑і, ж.

1. Рэчыва, якое мае ўласцівасць цячы і набываць форму той пасудзіны, у якой яно знаходзіцца. Бутэлька з вадкасцю.

2. Уласцівасць вадкага.

•••

Бардоская вадкасць — хімічны сродак, які выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін.

Спіннамазгавая вадкасць — вадкасць, якая напаўняе ў пазваночных жывёл і ў чалавека поласці спіннога і галаўнога мозгу.

ва́дкі, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў стане вадкасці, здольны цячы. Вадкі метал. Вадкі кісларод. Вадкае паліва.

вадналы́жнік, ‑а, м.

Спартсмен, які займаецца воднымі лыжамі.

вадналы́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да водных лыж. Вадналыжны спорт.

вадо́хрышча ‑а, н. і вадо́хрышчы, ‑аў.

Адно з царкоўных зімовых свят. Увечар перад вадохрышчам, узялі яны свечку, мелу кавалак, крыжы на вушаках пісаць, міску жыта і пайшлі ў свіронак. Брыль. — Што гэта, бабка, тут робіш? — Ваду, панічок, свянцоную даю. — А, праўда! — прамовіў настаўнік. Сёння ж вадохрышчы. Колас.

вадо́хрышчанскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вадохрышча, вадохрышчаў.

вады́р, ‑а, м.

Пухір, які ўсхопліваецца ад апёку скуры.

вадэвілі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Драматург, які піша вадэвілі.