апячы́, апяку, апячэш, апячэ; апячом, апечаце, апякуць; пр. апёк, апякла, апякло; зак., каго-што.
1. Агнём ці чым‑н. гарачым, едкім, пякучым пашкодзіць скурнае покрыва; прычыніўшы боль, абпаліць. Сухія іголкі хвоі затрашчалі, шуганула полымя, і Цімох знячэўку апёк сабе руку. Колас. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Прычыніць пякучы боль, моцна ўдарыўшы чым‑н. Угары матнуўся пас высока І ў тую ж самую хвіліну Агнём апёк Алесю спіну. Колас.
2. перан. Раптоўна авалодаць кім‑н., выклікаўшы моцныя пачуцці; усхваляваць, уразіць. Самае праўдзівае з праўдзівых Слова [мір] людзям сэрца апякло. Звонак.
апячы́ся, апякуся, апячэшся, апячацца; апячомся, апечацеся, апякуцца; пр. апёкся, апяклася, апяклося; зак.
1. Атрымаць апёк, пашкодзіць сабе што‑н. агнём або чым‑н. гарачым, едкім, пякучым. Апячыся крапівою. □ Каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Прыказка.
2. перан. Разм. Пацярпець няўдачу, нечакана сустрэць перашкоду пры спробе зрабіць што‑н. [Тодар Амяльянавіч:] — Не ведаю, як ты там у сваім «Каапгандлі», а я не раз ужо апёкся на гэтакіх справах. Вірня.
апяя́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апяяць.
апяя́ць, апяю, апяеш, апяе; апяём, апеяце; зак., каго-што.
Паэт. Уславіць, адлюстраваць у песнях, вершах; апець. Стан твой гібкі, стан дзявочы, апяяў бы звонкім вершам. Машара.