апячы́, апяку, апячэш, апячэ; апячом, апечаце, апякуць; пр. апёк, апякла, апякло; зак., каго-што.

1. Агнём ці чым‑н. гарачым, едкім, пякучым пашкодзіць скурнае покрыва; прычыніўшы боль, абпаліць. Сухія іголкі хвоі затрашчалі, шуганула полымя, і Цімох знячэўку апёк сабе руку. Колас. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Прычыніць пякучы боль, моцна ўдарыўшы чым‑н. Угары матнуўся пас высока І ў тую ж самую хвіліну Агнём апёк Алесю спіну. Колас.

2. перан. Раптоўна авалодаць кім‑н., выклікаўшы моцныя пачуцці; усхваляваць, уразіць. Самае праўдзівае з праўдзівых Слова [мір] людзям сэрца апякло. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)