Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шальмава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шальмаваць (у 1, 3 знач.).

шальмава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Схільны да шальмоўства, хітрасці; хітраваты. Шальмаваты чалавек. // Які выражае шальмоўства, хітрасць. Шальмаваты выгляд.

шальмава́цца, ‑муецца; незак.

Зал. да шальмаваць.

шальмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. каго. Разм. Ганьбаваць, знеслаўляць (звычайна не маючы дастатковых падстаў для гэтага). [Туляга:] Калі я, напрыклад, скажу, што ведаю аднаго такога двурушніка... [Левановіч:] У чым жа справа? Вы можаце ведаць такога. [Туляга:] Што ён ілжэвучоны, абманвае партыю і савецкую грамадскасць, што ён шальмуе чэсных работнікаў. Крапіва. [Антон:] — За што вы шальмуеце дачку, сваце? — заступіўся за нявестку свёкар. Пальчэўскі.

2. Разм. Весці сябе несумленна ў якой‑н. справе; хітрыць, падманваць. [Жанна:] — Добра ведаеш ты [Адам], што Фадзей Сысоевіч шальмуе з нарадамі, так падганяе ў канцы месяца, каб кожнаму майстру выходзілі прэміяльныя. Мыслівец.

3. Гіст. Падвяргаць шальмаванню (у 2 знач.).

[Ад ням. Schelmen.]

шальме́ц, ‑мяца, м.

Разм. Тое, што і шэльма. А ён [чужак], шальмец, бадзёр і гладак І пэўна баламут!.. Колас. [Кузя:] — Ты што ж гэта мне, шальмец, лесаматэрыялы псуеш? Кірэйчык.

шальмо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да шэльмы; уласцівы яму (ёй); махлярскі, хітры. Шальмоўскі выгляд. □ [Ліндэ] крычыць пагрозна: — Хопіць! Годзе! Што за шальмоўскія, разбойніцкія вочы! Бядуля.

шальмо́ўства, ‑а, н.

1. Махлярства, круцельства, хітрасць. [Зыгмусь:] — На гэтым свет стаіць. [Юзя:] — На чым? На такім шальмоўстве? Чорны.

2. Махлярскі, хітры ўчынак. [Дзед:] — Пагнала мяне нячыстая на ваша шальмоўства паглядзець. Пальчэўскі.

ша́льнік, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая ядавітая расліна сямейства шальнікавых з авальным лісцем і дробнымі белавата-ружовымі кветкамі, сабранымі ў суквецці.

ша́льнікавыя, ‑ых.

Сямейства травяністых шматгадовых балотных раслін, да якога адносіцца шальнік.

ша́ля, ‑і, ж.

1. Кожная з дзвюх сіметрычных, замацаваных на падстаўцы або навешаных на восі частак вагаў у выглядзе талерак, на адной з якіх кладзецца груз для ўзважвання, на другой — гіры.

2. толькі мн. (ша́лі, ‑яў). Вагі, якія складаюцца з такіх частак. [Зусь] насыпаў мукі і, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне: — Глядзі, які пуд, яшчэ з паходам. Сабаленка. О, дзе знайсці такія шалі, Якія ўзважвалі б і сілы І ўраз задачы вырашалі... Лойка.

[Ням. Schale з польск.]