Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скле́іцца, склеіцца; зак.

1. Змацавацца пры дапамозе клею. // Зліпнуцца (ад чаго‑н. клейкага). У бот пацякла кроў, запяклася. Склеіліся штаны і анучы. Шамякін.

2. перан. Разм. Наладзіцца; аднавіцца. Мо таму, што мы з Аленай Данілаўнай Паньковай людзі аднаго веку, у нас і гаворка неяк адразу склеілася. Сабаленка.

скле́іць, склею, склеіш, склеіць; зак., што.

1. Змацаваць пры дапамозе клею. Склеіць лісты паперы. // Зляпіць, прымусіць зліпнуцца (пра што‑н. клейкае). Кісель чамусьці склеіў зубы. Агняцвет. // Зрабіць або аднавіць што‑н. (разбітае, разламанае, разарванае), змацоўваючы часткі клеем. Склеіць разбітую вазу. □ Другім разам, калі Мішы Міхайлавіча не было ў майстэрні, хлопцы вырашылі самі склеіць крэсла. Вядома, спяшаліся і прыставілі спінку не тым бокам. Нядзведскі. // перан. Сабраць, саставіць, скласці (з якіх‑н. частак або няўмела, абы-як). [Клерык:] — Справа ў тым, што ў ксяндза Марашэўскага гэта камедыйка расцягнута на тры акты, а ксёндз Марцэвіч склеіў усё ў адным акце. Бядуля.

2. перан. Разм. Наладзіць, аднавіць. Пасля сваркі дружбу цяжка склеіць.

скле́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. склейваць — склеіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. склейвацца — склеіцца.

скле́йвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да склеіцца.

2. Зал. да склейваць.

скле́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да склеіць.

скле́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. склейваць — склеіць.

2. Месца, дзе склеена што‑н.

склеп, ‑а; мн. скляпы, ‑оў; м.

1. Спецыяльнае, паглыбленае ў зямлю памяшканне для захоўвання прадуктаў, віна, пораху і пад.; пограб. Вінны склеп. Парахавы склеп. □ Капаў мужык склеп і выкапаў кавалак золата. Якімовіч. Галя пасадзіла хлопцаў ля вялікага стала, .. а сама пабегла ў склеп па бульбу. Ваданосаў. [Ганя:] — Адразу з поля, сырую, мокрую [бульбу] ссыпалі ў скляпы. Грамовіч.

2. Закрытае падземнае памяшканне, у якім устанаўліваюцца дамавіны з нябожчыкамі.

скле́павы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да склепа. Склепавы пах. Склепавае акенца.

скле́ра, ‑ы, ж.

Спец. Вонкавая цвёрдая бялковая абалонка вока, якая спераду пераходзіць у празрыстую рагавіцу.

[Ад грэч. sklērón — цвёрды.]

склера́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да склеры. Склеральны мяшок. Склеральнае цельца.