Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зласлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Поўны злосці, варожасці. — І зласлівая ты, цётка! Ніяк таго пеўня не забудзеш. Лынькоў. Адзінства славянскіх народаў і народаў Прыбалтыкі — гэта несакрушальная скала, аб якую разаб’юцца зласлівыя хвалі нямецкага мілітарызму. «Звязда». // Які выражае злосць. Зласлівы погляд. Зласлівая ўсмешка.

зласло́віць, ‑лоўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; незак.

Злосна, едка гаварыць пра каго‑, што‑н.

зласло́ўе, ‑я, н.

Злая ацэнка; абгаворы, плёткі. — Як жа ты пакідаеш яе на ласку людскога зласлоўя? Машара.

зласне́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. злосны.

зла́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Пакрыць латамі. Златаць кажух.

златашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць.

Зак. да латашыць.

зла́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жук, які мае яркую афарбоўку з металічным адлівам.

злаўча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да злаўчыцца.

злаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Лоўка прыладзіцца або выбраць зручны момант, каб зрабіць што‑н. [Сенька], гад, неяк злаўчыўся, крутануўся, вырваў руку і ўдарыў... Краўчанка. Я зняў з пляча сваё ружжо, злаўчыўся і скокнуў у лодку, зусім не турбуючыся, што яна можа перавярнуцца: варты ў лодцы былі высокія і дно — шырокае, ледзь не круглае. Чыгрынаў. // перан. Умела выкарыстаць якія‑н. абставіны; дасягнуць якой‑н. мэты з дапамогай хітрасці, хітрыкаў. А Ліс праз тыдзень змыўся З граш[а]мі, што ў банку атрымаў. Праверылі — дык як жа ён злаўчыўся? — І ўбачылі: Мядзведзь два чэкі падпісаў. Корбан.

2. Набыць навыкі выканання якой‑н. работы; налаўчыцца. Ён злаўчыўся пісаць левай рукой. □ — Пасля сам, як злаўчышся, будзеш знаходзіць, пра што пісаць. Чорны.

злахма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць.

Зак. да лахмаціць.