Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

апака́ліпсіс, ‑а, м.

Адна з хрысціянскіх царкоўных кніг, якая змяшчае містычныя прароцтвы пра канец свету.

[Ад грэч. apokálypsis — адкрыццё.]

апакаліпсі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да апакаліпсіса.

апакаліпты́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і апакаліпсічны.

апако́вы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з апаку.

апакрыфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апокрыфаў. Апакрыфічная літаратура.

апа́л ​1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апальваць — апаліць.

2. Тое, чым што‑н. апальваецца (дровы, драўнінныя адыходы, торф і пад.); паліва. Але яшчэ пытае люты. Зіму прывёўшы на прычал, Ці добра, людзі, вы абуты? Як вы багаты на апал? Колас.

3. Апрацоўка гліняных вырабаў высокай тэмпературай.

апа́л ​2, ‑у, м.

Празрысты шклопадобны камень (звычайна малочнага колеру з блакітнаватым ці жаўтаватым адлівам), некаторыя гатункі яго лічацца каштоўнымі. А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Цудоўны ізумруд. Зарыцкі.

апа́ла, ‑ы, ж.

У дапятроўскай Расіі — гнеў, няміласць цара да баярына, вяльможы, які ў чым‑н. правінаваціўся; кара, якая накладалася на такога вяльможу. // перан. Няміласць, непрыхільнасць.

апа́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апалу ​2. Апалавы камень. // Які зроблены з апалу ​2 або ўтрымлівае апал ​2. Апалавы пярсцёнак. // Малочна-белы з жоўтым або блакітным адценнем; такога колеру, як апал ​2. На апалавым небе не было ніводнай хмурынкі. Мікуліч.

апалаге́т, ‑а, М ‑геце, м.

Кніжн. Актыўны абаронца якога‑н. вучэння, ідэі, парадкаў. Апалагеты капіталізму.

апалаге́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Кніжн. Галіна багаслоўя, якая мае задачай абарону хрысціянскай догмы. // перан. Выкліканая якімі‑н. прычынамі, але не абгрунтаваная абарона чаго‑н.; усхваленне.