Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

варыёметр, ‑а, м.

Спец.

1. Назва некаторых прыстасаванняў для вымярэння або змянення сіл, якія ўзнікаюць у тых ці іншых працэсах. Гравітацыйны варыёметр.

2. У радыётэхніцы — прылада для плаўнай змены індуктыўнасці. Варыёметр настройкі на новую хвалю.

[Ад лац. varius — розны і грэч. metron — мера.]

варыўня́, ‑і, ж.

Абл. Невялікі будынак для захавання бульбы, агародніны; стопка. Мужчыны прыязджалі, насыпалі паўнюткія вазы [бульбы], везлі ў варыўню. Васілевіч.

вары́цца, варыцца; незак.

1. Гатавацца кіпячэннем на агні. У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны.

2. Зал. да варыць.

•••

Варыцца ў сваім (уласным) саку — працаваць, не падтрымліваючы сувязі з тымі, хто займаецца падобнай работай, не выкарыстоўваць іх вопыт.

вары́ць, вару, варыш, варыць; незак., што.

1. Гатаваць страву, пітво кіпячэннем на агні. Варыць бульбу. □ Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.

2. Вырабляць што‑н. шляхам кіпячэння, плаўлення і пад. Варыць мыла. Варыць сталь. Варыць шкло.

3. Рабіць зварку металічных прадметаў і іх частак; зварваць. Дванаццаць сутак брыгада амаль не выходзіла з дэпо. Алена варыла бранявыя пліты. Сабаленка.

4. безас. Пра душнае, гарачае надвор’е. — Варыць, як на дождж... — азваўся Пятро. Капыловіч.

•••

Варам (варма) варыць — вельмі душна, горача (пра надвор’е).

Галава варыць у каго гл. галава.

Мазгі (не) вараць гл. мозг.

варыякіно́, нескл., н.

Спец. Варыяскапічнае кіно.

варыя́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Разнавіднасць чаго‑н. Варыянты рашэння задачы. // Адна з некалькіх рэдакцыі якога‑н. твора або яго часткі. Лемяшэвіч недзе чытаў раней гэту ўсходнюю легенду, праўда, крыху ў іншым варыянце і, пачуўшы яе з вуснаў Данілы Платонавіча, сам асэнсаваў інакш, чым раней. Шамякін. // У шахматах — адна з магчымых камбінацыя хадоў. Закрыты варыянт абароны.

[Ад лац. varians, variantis — які змяняецца.]

варыя́нтнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Наяўнасць варыянтаў у чым‑н. Варыянтнасць націску. Варыянтнасць канчаткаў.

варыя́нтны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які з’яўляецца варыянтам чаго‑н. Варыянтная форма меснага склону.

варыяскапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які характарызуецца зменай памераў і канфігурацыі відарыса на экране ў адпаведнасці са зместам фільма.

варыяскапі́я, ‑і, ж.

Спец. Метад здымкі і дэманстрацыі варыяскапічных фільмаў.