Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

варушы́цца, ‑рушу́ся, ‑ру́шышся, ‑ру́шыцца; незак.

1. Прыходзіць у ледзь прыкметы рух ад чаго‑н. Ледзь варушылася лісце ліпавых прысад — кроны іх цямнелі ў святле электраліхтароў. Хадкевіч. // Рабіць рухі, шавяліцца. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На губах настаўніка заўсёды блукае стомленая ўсмешка, і ён стараецца захаваць яе, і ад гэтага варушыцца левы вус. Чарнышэвіч.

2. Кішэць, знаходзіцца ў хаатычным руху (пра вялікую колькасць людзей, жывёл). Каля.. [негра] стаяў кошык, у якім варушыліся ядавітыя змеі. Арабей. // Праяўляць прыкметы ажыўлення. Перон варушыўся, нібы муравейнік. Васілевіч.

3. перан. Разм. Займацца чым‑н., актыўна дзейнічаць. Калі трэба было рабіць што ў полі, ці з’ездзіць куды на людзі, то гэтым займаўся бацька: не такі ўжо і стары, варушыўся яшчэ як мае быць. Скрыган. // Ажыўляцца, праяўляць актыўнасць (пра думкі, пачуцці і пад.). Першы момант анямення .. прайшоў, і думкі мае пачалі крыху варушыцца. Колас. І толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчарашняя крыўда. Гамолка.

4. Разм. Ехаць, ісці (звычайна павольна). Тралейбус, здавалася, ледзь варушыўся, а прыпынкі былі доўгія, як знарок. Дамашэвіч.

5. заг. варушы́(це)ся. Разм. Ужываецца пры пабуджэнні да дзеяння. [Скіба:] Варушыцеся, не давайце сябе ў крыўду, не забывайце, што вы — людзі. Крапіва. — Но-о, гняды, варушыся! — ляснуў ляйчынаю стары. Гурскі.

6. Зал. да варушыць (у 1, 3 знач.).

варушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; незак.

1. каго-што. Дакранаючыся да чаго‑н., прыводзяць у рух. Ціхі вецер вее І траву варушыць. Астрэйка. // перан.; што. Выводзіць са стану спакою, узбуджаць. Словам дакорным маці боль несціханы варушыць. Глебка. А як яны варушылі, пераварочвалі сэрца, гэтыя салаўі. Васілевіч.

2. чым. Рухаць павольна, злёгку. На другім канцы стала, загарнуўшы кніжку, бязгучна варушыла губамі Наташа — вучыла верш. Шахавец.

3. што. Злёгку разграбаць; пераварочваць. Варушылі зерне, каб яно падсыхала, перавейвалі, сартавалі. Скрыган. Каржакаваты з абветраным тварам і пышнымі вусамі мужчына час ад часу варушыць суком падгарэлае паленне. Курто.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі (галавою) — разважаць, абдумваць. З зямлёю клопат быў вялікі. Прыйшлося ездзіць да Хадыкі Ды варушыць і галавою Над гэтай справай грашавою. Колас.

Варушыць памяць — напамінаць аб кім‑, чым‑н.

варушэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. варушыць.

варфаламе́еўскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: Варфаламееўская ноч гл. ноч.

варча́к, ‑а, м.

Разм. Прыпражны конь.

варчако́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да варчака. Хвіліны праз тры.. [Шайдоб] ужо ішоў побач з Саўкам і, нібы малады варчаковы конік, раз-пораз забягаў яму наперад і спіхваў са сцежкі. Федасеенка.

варшта́т, ‑а, М ‑таце, м.

1. Спецыяльна абсталяваны стол для ручной сталярнай, слясарнай і інш. работы. Слясарны варштат. Шавецкі варштат.

2. Разм. Стан для красён. У чатырнаццаць год.. [Гліцэра] села за варштат ткаць сурвэты і ручнікі і пакінула хадзіць на спеўкі. С. Александровіч.

3. Уст. Станок. Загрукацелі звонка тры новыя дрылявыя варштаты. Мурашка.

варшта́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да варштата. Варштатная дошка. Варштатныя ціскі.

ва́рыва, ‑а, н.

Разм. Вараная рэдкая страва. Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену. Шамякін. // зб. Вараныя стравы, варанае.

варыве́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы, ж.

Абл. Невялікая варыўня. І лік будынін не маленькі: Хаціна, пуня, хлевушок, Няхай ён цесны катушок, І ёсць свіронак, варывенька. Колас. Праз паўгадзіны сям’я пакінула свой дом, знайшоўшы часовы прыпынак у цеснай варывеньцы, дзе трымалі бульбу і іншую гародніну. Якімовіч.