сто́мленасць, ‑і, ж.
1. Стан стомленага; бяссілле. Стомленасць арганізма. □ Аднак жа .. [Андрэй] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны.
2. Спец. Змяненне механічных і фізічных уласцівасцей матэрыялу пад уздзеяннем напружання і дэфармацыі. Стомленасць металу.
сто́млены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаміць.
2. у знач. прым. Абяссілены, змораны цяжкай работай ці якім‑н. іншым заняткам. Стомлены хлопец цяжка ўзняўся з сядзення, з сэрцам узяўся за .. лапату і .. стаў падкідваць вугаль. Лынькоў. Тады з неба — глыбокага звона — Горда падае стомлены жаўранак. А за ім доўга яшчэ Асыпаецца, як лісце з дрэў, Яго песня... Сіпакоў. / у знач. наз. сто́млены, ‑ага, м. Стомленаму прыемна легчы адпачыць на свежым духмяным сене. Машара. // Які выяўляе стомленасць. Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі. Дуброўскі. У акне адбіваўся крышку стомлены, немалады ўжо твар жанчыны, адбіваўся чырвоны шалік, шэрае паліто. Арабей.
сто́нчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад станчыць.
стоп, выкл.
1. Ужываецца як каманда ў значэнні: стой! спыніся! Стоп. На момант спынімся. Мехаў. — Стоп, машына, прыехалі! — Валодзька надзьмуў шчокі, важна спыніў «самазвал» і пачаў грузіць на яго розныя цацкі. Шымук. // Ужываецца як загад у значэнні: хопіць! даволі! годзе! [Валя:] — Стоп, стоп! Не вам гэта гаварыць. Вы не горш ведаеце, што Янус у рымлян меў два твары. Карпаў. // у знач. вык. Даволі, хопіць. [Настасся:] — [Пятру] не такая патрэбна была. Ты ж [Даша] што, правучылася да сямі класаў і — стоп, годзе, сказала. Ракітны.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні: спыніўся, спыніліся. Праедзем кіламетр — стоп, шына спусціла.
3. у знач. нескл. наз. Назва сігналу для прыпынку транспарту. Сігнал стоп.
[Ад англ. stop — спыняць.]
сто́пар, ‑а, м.
Спец.
1. Прыстасаванне для фіксацыі рухомых частак механізма ў пэўным становішчы. Аўтаматычны стопар. Стопар мікрометра.
2. Прыстасаванне для ўтрымання якарнага ланцуга, троса на судне.
3. Механізм для закрывання клапана ў сталеразліўных каўшах.
[Англ. stopper — корак, затычка.]
сто́парны, ‑ая, ‑ае.
Які спыняе ход, дзейнасць розных механізмаў або фіксуе іх у пэўным становішчы; у якім ёсць стопар. Стопарны кран. Стопарнае прыстасаванне. □ Не ўсе заліўшчыкі навучыліся як след упраўляць стопарнымі каўшамі. Савіцкі.
сто́парыцца, ‑рыцца; незак.
1. Спыняцца, спыняць сваю дзейнасць (пра машыну, механізм). // перан. Разм. Затрымлівацца ў сваім руху, развіцці. Работа стопарыцца.
2. Зал. да стопарыць.
сто́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. што. Спыняць ход, дзейнасць (механізма, машыны і пад.). // перан. Разм. Затрымліваць ход, развіццё чаго‑н. Стопарыць справу.
2. Спыняцца, спыняць сваю дзейнасць (пра машыну, механізм).