стоп, выкл.
1. Ужываецца як каманда ў значэнні: стой! спыніся! Стоп. На момант спынімся. Мехаў. — Стоп, машына, прыехалі! — Валодзька надзьмуў шчокі, важна спыніў «самазвал» і пачаў грузіць на яго розныя цацкі. Шымук. // Ужываецца як загад у значэнні: хопіць! даволі! годзе! [Валя:] — Стоп, стоп! Не вам гэта гаварыць. Вы не горш ведаеце, што Янус у рымлян меў два твары. Карпаў. // у знач. вык. Даволі, хопіць. [Настасся:] — [Пятру] не такая патрэбна была. Ты ж [Даша] што, правучылася да сямі класаў і — стоп, годзе, сказала. Ракітны.
2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні: спыніўся, спыніліся. Праедзем кіламетр — стоп, шына спусціла.
3. у знач. нескл. наз. Назва сігналу для прыпынку транспарту. Сігнал стоп.
[Ад англ. stop — спыняць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)