шаржыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаржыраваць.
шаржы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Мастак, які малюе шаржы (у 2 знач.).
шарк, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шаркаць — шаркнуць. Жанчыны гнуцца ды разгінаюцца лёгка. Нават і мама. «Абы толькі ногі мае не балелі так моцна...» Сярпы ў іх руках — што жывыя, шарк, шарк — і жменя. Брыль.
ша́рканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаркаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
шаркатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які ўтварае гукі, падобныя на шарканне, шаркае. Старая хата поўніцца грукатам сякер, шаркатлівым звонам пілы. Хадановіч.
ша́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць шорах, шум трэннем. Касіў лёгка, спорна. Тады-сяды спыняўся, шаркаў мянташкай і зноў шырока расстаўляў ногі і махаў, махаў. Калодзежны. // Разм. Закранаць што‑н. з шумам. Шабля звісала і шаркала аб падлогу.
2. Прыстаўляць адну нагу да другой, стукаючы абцасам аб абцас (пры паклоне, вітанні і пад.).
ша́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да шаркаць.
шарку́н, ‑а, м.
Пагард. Пусты свецкі чалавек, які валодае толькі знешнім бляскам і вытанчанасцю манер.
шарлата́н, ‑а, м.
Невук, які выдае сябе за знаўцу, спецыяліста; падманшчык, махляр. Млынар вярнуўся дадому, думаючы пра Стафанковіча як пра шарлатана: «Дрэнна зрабіў, грошы ўзяў і адрас скрыў». Чорны.
шарлата́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Быць шарлатанам, займацца шарлатанствам.