Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тугі́, ‑ая, ‑ое.

1. Моцна, да адказу нацягнуты. Тугая струна. Тугі лук. □ Цяпер конь не паспяваў за .. [Засмужцам]: ішоў на тугім повадзе. Мележ. Да тугіх правадоў гуртам ластаўкі ліпнуць, Каб у родных краях Заказаць сабе гнёзды. Нядзведскі. // Шчыльна сплецены, скручаны, звіты. Тугія косы. □ Густыя .. валасы [Акіліны], сабраныя ў тугую куклу.., зусім не кранула сівізна. Вітка. // Які шчыльна аблягае, моцна сціскае (фігуру, часткі цела). Тугі каўнер. Тугі гарсэт.

2. Напоўнены, моцна напханы чым‑н. Тугі мяшок. □ З лавак падымаюцца салдаты. Абвешаныя тугімі ранцамі з парашутамі, рукзакамі і зброяй, яны падобны да казачных жыхароў невядомай планеты з фантастычнай кнігі. Жычка. // Наліты, пруткі, ядраны. Тугі колас. Тугі качан. □ А калі лісты з тугіх пупышак Вырваліся ў свет сям’ёй густой, — Ён [лось] зусім пакінуў наш зацішак, Перастаў хадзіць на вадапой. Бялевіч. [Дзяўчына] ўсміхнулася, і на тугіх маладых шчоках з’явіліся дзве прывабныя ямінкі. Ваданосаў. Заганяе [Алёша] ў капу па самы чаранок вілы, напружваецца ўсім сваім тугім, налітым сілай целам і — цэлую гару сена валіць на драбіны. Вышынскі. // Не рыхлы, крамяны. Скажы: хвала і слава тым, Хто слова даў, палі араў. Начэй нямала недаспаў, Раллі тугія камякі Зрабіў рукой мякчэй мукі. Панчанка. // Круты (пра цеста).

3. Які цяжка сціскаецца або расцягваецца, нацягваецца; пругкі. Тугая гума. Тугая спружына. // Які вызначаецца вялікай сілай; напружаны. У шыбах зашумеў, засвістаў тугі сустрэчны вецер, і нейкі час чуваць былі толькі гэты шум і свіст, толькі песня вялікай хуткасці. Палтаран. Калючая, тугая вада страляе з крана. Вялюгін. Над прыціхлай зямлёй павіс тугі гул танкавых матораў, з-за лесу паказаліся лабатыя, з вуглаватымі вежамі машыны. «ЛіМ».

4. перан. Непадатлівы або скупы на што‑н., у якіх‑н. адносінах (пра чалавека). [Харытон:] — Тугія ў Муравейніках людзі. Не тое гета, што ў Бродзе. Адным словам, натурыстыя. Баранавых. [Афіцэр:] — Ціха! Глядзіце, каб вам не захацелася плакаць. — На плач мы тугія... — сказаў нехта з кутка. Пестрак. // Які марудна, з вялікімі цяжкасцямі ўспрымае, засвойвае што‑н. (пра разумовыя здольнасці чалавека). Нягледзячы на ўзрост — яму ўжо ішоў трэці год — хлапчук быў вельмі тугі на мову. Васілевіч.

5. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «камяк», «камок»). Які сціскае моцна горла (пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.). Горкі тугі камяк вырас у грудзях, падступіў пад горла. Навуменка. У Паўла то падкочваўся к горлу тугі камок, то яму рабілася смешна. Грахоўскі.

•••

Тугі кашалёк гл. кашалёк.

Тугі (тугаваты) на вуха — які дрэнна чуе, недачувае, глухаваты.

ту́грык, ‑а, м.

Грашовая адзінка Мангольскай Народнай Рэспублікі.

туды́, прысл.

У той бок, у тое месца; проціл. сюды. Вунь там, каля тых дубоў, і Просцінка. Цімох накіраваўся туды. Колас. Бягун выхапіў з кішэні наган, стрэліў у каноплі і ў той жа момант рынуўся туды сам. Кулакоўскі. [Вера] пайшла туды, дзе грыміраваліся дзяўчаты. Асіпенка.

•••

(І) туды і сюды — а) у той і ў другі бок; б) па-рознаму; і так і гэтак.

Ні туды ні сюды — ні ў які бок; ні з месца.

То туды, то сюды — то ў адзін, то ў другі бок; узад і ўперад; у розныя бакі.

Туды і дарога каму-чаму гл. дарога.

Туды і назад — у абодва канцы.

туды́-сюды́, прысл.

Разм.

1. Тое, што і сюды-туды. Мацей .. пастаяў у варотах, патупаў туды-сюды, граблі ўзяў, падгроб каласкі па таку ў адну кучу. Краўчанка.

2. у знач. вык. Сыдзе, нічога. Тавар гэты яшчэ туды-сюды. // Ні добры, ні дрэнны. Кватэра туды-сюды.

тудэ́ю, прысл.

Абл. У той бок, у тым папрамку. [Міхась:] — Давай, правядзі мяне да перавозу. [Рыгор:] — Добра, якраз я сам меўся тудэю ісці. Гартны.

туд-сю́д, прысл.

Разм. Тое, што і сюд-туд.

ту́евы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да туі. Туевая шышка.

ту́ер, ‑а, м.

Рачное самаходнае судна для праводкі іншых суднаў на ўчастках з вялікімі скорасцямі цячэння.

[Фр. touer]

ту́ерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да туера.

тужлі́ва,

1. Прысл. да тужлівы.

2. безас. у знач. вык. Маркотна, нудна. Піне стала тужліва і крыху страшна. Мележ.