Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да стукнуць (у 1–3 знач.).

2. Рабіць стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць са стукам. На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак. Гаспадыня вынесла ў сенцы талеркі, графінчык, нешта рабіла там, тупала, стукала посудам. Арабей. / Пра механізмы і іх часткі. Ля клуба стукаў рухавік. Пташнікаў. У .. цішыні неяк ненатуральна гучна стукаюць ходзікі — нібы падкрэсліваюць імклівасць кожнай хвіліны. Шыловіч. / Пра аўтаматычную зброю. Гранаты рваліся бесперастанку раз за разам, і дробна стукалі аўтаматы. Чорны. / Пра сэрца, пульсуючую кроў. Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаркі] разгарэліся, як мак, і сэрца стукала моцна і часта. Колас. // безас. Пра адчуванне шуму, штуршкоў, удараў (у галаве, вушах і пад.) пры моцна пульсуючай крыві. У скронях стукала, як малаткамі. Лобан.

3. Удараць (у дзверы, акно і пад.), стукам выказваць просьбу ўпусціць куды‑н. Ціток стукаў у бляшаны верх кабіны і прасіўся: — Дай ногі выпрастаць. Ды перакусім. Б. Стральцоў.

сту́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Ударыцца аб што‑н. або адзін аб аднаго, наткнуўшыся на што‑н. або на каго‑н. Дзед стукнуўся патыліцай аб сцяну, а з зубоў і носа палілася кроў. Колас. [Сіўцоў] чытаў у гэты час газету, і яны [Сіўцоў і Вера] стукнуліся галовамі. Васілевіч. // Выцяцца, ударыцца. Прыбеглі з вёскі людзі, дасталі .. [Толька] з ракі... Мусіць аб патарчаку, ныраючы, стукнуўся. Сачанка. // перан. Уступіць у супярэчнасць, у варожыя адносіны, у канфлікт. [Салавей:] — А як толькі пачнём дзяліць іх зямлю, прыйдзецца стукнуцца лбамі з гэтаю шляхецкаю зграяй. Грахоўскі.

2. з кім. Нечакана сустрэцца з кім‑н. [Грасыльда:] — Пайшла я. У кабінет .. [Севасцянчыка] не дайшла, стукнулася з ім па парозе на ганку. Пташнікаў. Ля зямлянак я ледзь не стукнуўся лоб у лоб з партызанам, які бег нам насустрач па вузенькай і глыбока пратаптанай сцежцы ў снезе. Карпюк.

3. Трапіць у што‑н. пры імклівым руху. Лодка ішла проста на нізкі, зарослы высокаю травою востраў. Русіновіч падняў вёслы, лодка стукнулася носам у мяккі бераг і стала. Дамашэвіч.

сту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ударыць, звычайна са стукам. [Госць] стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы. Бядуля. Цар стукнуў сваім царскія посахам аб падлогу. Якімовіч. Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню,.. [стары] нечакана стукнуў посудам па стале і ўстаў. Брыль. / Пра біццё, штуршок сэрца. Толькі ціха стукнула сэрца. Толькі крыкнуў тужлівы птах. Дайнека. // Ударыць каго‑н. Дастаткова .. [Саўку] было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Гурскі. Тады .. [Стафанковіч] нацягнуў рукаў свайго кажушка і знячэўку стукнуў Сашку па карку. Чорны. / у безас. ужыв. — Ой, Цэзар, — гаварыла маці. — Быць манцёрам зусім не цікава. Ды і токам можа стукнуць. Ты ў нас будзеш музыкантам! Арабей. // перан.; па кім-чым. Разм. Зрабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія папрокі, заўвагі; папракнуць каго‑н. за што‑н. Стукнуць па безгаспадарчасці. // каго. Разм. Забіць або раніць. У асінніку дзіка стукнулі. □ [Злобіч:] — Кожны дзень, кожную ноч дзе-небудзь ды і стукнем [фрыца]. Вось і сёння... М. Ткачоў. — Каюк усім нам, — уголас гаворыць Аўсянік. — Ладуцьку стукнулі, ясна. Навуменка. / у безас. ужыв. Вось тады мяне і стукнула, — [Доўбік] паказаў на сваю пераносіцу. Гроднеў. // перан. Падзейнічаць на галаву або на органы руху. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Колас. / у безас. ужыв. Твар .. [Зосі] пабялеў, стукнула ў вушах. Чорны.

2. Учыніць стук, шум пры ўдары, штуршку. Зноў стукнула брамка. Таня зірнула з-за сцяны. Ішоў Вадзім. Паўлаў. Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача. Колас. / у безас. ужыв. Не па возеры стукнула, а недзе ў напрамку Прыпяці. Краўчанка. // Ударыць маланкай, моцна загрымець. Жыла [Фроська] і сумавала, а больш ад страху калацілася: пярун мог стукнуць, нядобры чалавек зайсці. Лобан. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

3. Ударыць (у акно, дзверы і пад.), падаючы стукам сігнал аб прыходзе, просьбе ўпусціць і пад. Тройчы стукнуць у акно — такі ўмоўны знак. Кулакоўскі. // Раптоўна, нечакана або з сілай пачацца, пастаць (пра з’явы прыроды). Перад самымі калядамі раптам стукнуў .. мароз. С. Александровіч.

4. каго-што і без дап. Знянацку напасці, раптоўна атакаваць. Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы,.. намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. Колас. [Архіп:] — У раку [легіянеры] не палезуць. Пусціш у пастку і стукнем з трох бакоў. Грахоўскі.

5. Разм. Наступіць (пра час, падзеі). У кнізе падрабязна разглядаюцца прычыны крызісу каталіцызму: для яго даўно ўжо стукнуў той час, калі бунтуюць не толькі асобныя ўплывовыя тэолагі, але і цэлыя епархіі. «Полымя». // безас. каму. Мінуць, споўніцца (пра гады). Мне стукнула шаснаццаць гадоў, я лічыўся дзесяцікласнікам, мяне кахала самая прыгожая ў класе дзяўчына. Навуменка.

6. Разм. Выпіць (чарку). Рыгор-хурман хадзіў без дзела,.. Хадзіў і лёганька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? Колас.

7. Прымусіць стукнуцца. [Рыгор:] — Будзеце задзірацца — стукну ілбамі так, што рогі вырастуць! Ваданосаў.

8. перан. Разм. Перадаць што‑н. пры дапамозе якіх‑н. сродкаў сувязі. [Дзед Астап:] — Ты ўжо стукні па тэлеграфе на раз’езд. Лынькоў.

•••

Палец (пальцам) аб палец не стукнуць — тое, што і палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (гл. ударыць).

Стукнуць у галаву; у галаву стукнула каму — нечакана прыйшла думка.

стул, ‑у, м.

Дзеянне кішэчніка; спаражненне.

сту́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стуліць.

стулі́цца, стулюся, стулішся, стуліцца; зак.

1. Скурчыцца, сагнуцца. Турок прысеў, стуліўся, але капітан зараз жа гучным шэптам гукнуў яму: — Давай сюды! Быкаў. А ле Лясніцкі заўважыў, што пад гэтым поглядам Раіса Андрэеўна неяк недалужна стулілася, зрабілася раптам маленькай і вінаватай. Зарэцкі. // Сабрацца разам, згрупавацца. [Соня, Люба і Антон] збочылі пад купчастую бярозу, прыселі, стуліліся ў купку і прыгнулася. Пальчэўскі.

2. Шчыльна сціснуцца, заплюшчыцца (пра губы, вочы і пад.). [Бацька] хацеў яшчэ штосьці пажартаваць, але пабачыў, як дачка змянілася ў твары, губы шчыльна стуліліся. Грамовіч. — Мой муж? — ужо зусім слабым голасам прашаптала .. [Прузына]. — У турме, паночку. — У турме?! — вусны секвестратара адразу ж стуліліся, усмешка знікла. Каліна.

3. Разм. Схавацца дзе‑н., за што‑н. ад каго‑н. Прыдаўшы сабе смеласці,.. [Панця] вырашыў падысці да самай дарогі, стуліцца там ля крайняй хаты (здаецца, ля плота ёсць лавачка) і паслухаць, пацікаваць зблізку. Кулакоўскі. // перан. Прытуліцца, схавацца. Мястэчка стулілася ў мроку. Бязлюдныя плошчы, двары. Колас.

стулі́ць, стулю, стуліш, стуліць; зак., што.

1. Шчыльна сціснуць, заплюшчыць (пра губы, вочы і пад.). — Папала мне з-за цябе, таварыш Сучок, — сказаў Журавінка і губы стуліў. Лобан. Сінічкін стуліў вочы, нібы хочучы падрамаць, і тут перад вачыма раскінулася пясчанае поле, а на ім — лён, неабдымныя прасторы лёну, а пасля — бульба, кармавая морква, буракі. Пестрак.

2. Звесці, злучыць разам. Сафрон стуліў гармонік, ён раўнуў усімі галасамі апошні раз і сціх! Чарнышэвіч.

стуль, прысл.

Разм. З таго месца, адтуль. Няведама, што з домам, што з бацькамі? Ні слова, ні паўслова стуль, ад іх. Чэрня.

сту́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стульваць — стуліць і стульвацца — стуліцца.

сту́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да стуліцца.

2. Зал. да стульваць.