сту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да стукнуць (у 1–3 знач.).

2. Рабіць стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць са стукам. На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак. Гаспадыня вынесла ў сенцы талеркі, графінчык, нешта рабіла там, тупала, стукала посудам. Арабей. / Пра механізмы і іх часткі. Ля клуба стукаў рухавік. Пташнікаў. У .. цішыні неяк ненатуральна гучна стукаюць ходзікі — нібы падкрэсліваюць імклівасць кожнай хвіліны. Шыловіч. / Пра аўтаматычную зброю. Гранаты рваліся бесперастанку раз за разам, і дробна стукалі аўтаматы. Чорны. / Пра сэрца, пульсуючую кроў. Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаркі] разгарэліся, як мак, і сэрца стукала моцна і часта. Колас. // безас. Пра адчуванне шуму, штуршкоў, удараў (у галаве, вушах і пад.) пры моцна пульсуючай крыві. У скронях стукала, як малаткамі. Лобан.

3. Удараць (у дзверы, акно і пад.), стукам выказваць просьбу ўпусціць куды‑н. Ціток стукаў у бляшаны верх кабіны і прасіўся: — Дай ногі выпрастаць. Ды перакусім. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)