сту́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Ударыцца аб што‑н. або адзін аб аднаго, наткнуўшыся на што‑н. або на каго‑н. Дзед стукнуўся патыліцай аб сцяну, а з зубоў і носа палілася кроў. Колас. [Сіўцоў] чытаў у гэты час газету, і яны [Сіўцоў і Вера] стукнуліся галовамі. Васілевіч. // Выцяцца, ударыцца. Прыбеглі з вёскі людзі, дасталі .. [Толька] з ракі... Мусіць аб патарчаку, ныраючы, стукнуўся. Сачанка. // перан. Уступіць у супярэчнасць, у варожыя адносіны, у канфлікт. [Салавей:] — А як толькі пачнём дзяліць іх зямлю, прыйдзецца стукнуцца лбамі з гэтаю шляхецкаю зграяй. Грахоўскі.
2. з кім. Нечакана сустрэцца з кім‑н. [Грасыльда:] — Пайшла я. У кабінет .. [Севасцянчыка] не дайшла, стукнулася з ім па парозе на ганку. Пташнікаў. Ля зямлянак я ледзь не стукнуўся лоб у лоб з партызанам, які бег нам насустрач па вузенькай і глыбока пратаптанай сцежцы ў снезе. Карпюк.
3. Трапіць у што‑н. пры імклівым руху. Лодка ішла проста на нізкі, зарослы высокаю травою востраў. Русіновіч падняў вёслы, лодка стукнулася носам у мяккі бераг і стала. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)