нясто́йкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нястойкага. Нястойкасць рэчыва. □ [Лесарубы] ведалі, што адміністрацыя будзе старацца скрываць забастоўку і ім трэба было прымаць арганізацыйныя меры. Частка навічкоў праяўляла нястойкасць. Машара.
нясто́йкі, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому не ўласціва стойкасць; нетрывалы, слабы. Нястойкія духі.
2. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву. Нястойкі чалавек.
нясто́мнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нястомнага; вынослівасць.
нясто́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.
2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.
нястра́ўнасць, ‑і, ж.
Спец. Хвароба страўніка, пры якой ускладняецца ператраўліванне і засваенне ежы.
нястро́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нястройнага.
нястро́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае нязграбную, няскладную постаць. Убег у штаб дывізіі хударлявы, нястройны паручнік. Нікановіч.
2. Пазбаўлены стройнасці, мілагучнасці. Словы, спачатку прыглушаныя, нястройныя, рабіліся ўсё выразней, гучней. І вось яны зліліся ў магутную песню. Лынькоў.
3. Бязладны, хаатычны; неарганізаваны. Танкісты шумліва, нястройным гуртам накіравалася да шасэ. Мележ. Брычка ехала па праспекце, а за ёю па бруку, па тратуарах ішоў нястройны трохтысячны натоўп. Арабей.
нястры́жаны, ‑ая, ‑ае.
Якога даўно не стрыглі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына. Брыль.
нястры́манасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нястрыманага; няздольнасць або няўменне стрымлівацца. [Жанчыны] прыціхлі, засаромеліся саміх сябе, сваёй нястрыманасці. Шамякін.
нястры́маны і нестрыма́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа валодаць сабой, стрымлівацца. Усе ведаюць, што Булай нястрыманы, што любіць пакамандаваць. Шыцік.
2. Якога немагчыма стрымаць. З нястрыманаю сілаю і з громам бервяно падае ў ваду. Колас. — Няма куды дзяваць збожжа, — з нястрыманай радасцю сказаў.. [Шаманскі]. Дуброўскі. Сябры скарысталі вясёлы.. настрой для розных смешных успамінаў і далі волю нестрыманаму смеху. Колас.