Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

контрата́ка, ‑і, ДМ ‑тацы, ж.

Сустрэчная атака, якую арганізоўваюць з мэтай адбіць наступленне ворага або перайсці ў наступленне самім. Батальён адбівае немцаў, а ўслед за гэтым па загаду Шутава сам пераходзіць у контратаку. Мележ.

контратакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., каго-што.

Правесці (праводзіць) контратаку. Контратакаваць ворага. □ [Ермашоў:] Загадваю: падтрымаць роту Наганава, контратакаваць цэнтр нямецкіх пазіцый і сарваць штурм праціўніка. Задача зразумелая? Губарэвіч.

контрафаго́т, ‑а, М ‑гоце, м.

Самы нізкі па рэгістру драўляны духавы музычны інструмент, які гучыць на актаву ніжэй фагота.

[Іт. contrafagotto.]

контрмане́ўр, ‑у, м.

Сустрэчны манеўр, манеўр у адказ. Задача першай стадыі контрманеўру ўдарнай групы Чырвонай Арміі заключалася ў тым, каб.. адкінуць палякаў за Прыпяць. Колас.

контрме́ры, ‑мер; адз. контрмера, ‑ы, ж.

Меры, якія прымаюць у адказ на дзеянні праціўніка. Гестапаўцы неяк пранюхалі аб задуме зняволеных і неадкладна прынялі контрмеры. Пятніцкі.

контрмі́на, ‑ы, ж.

Спец. Міна, прызначаная для абароны бліжэйшых подступаў да абарончых збудаванняў ад мінёраў праціўніка.

[Фр. contre-mine.]

контрнаступле́нне, ‑я, н.

Від наступлення, якое рыхтуецца ў ходзе абароны і пачынаецца з мэтай разгрому аслабленага ў папярэдніх баях праціўніка. У снежні 1941 г. савецкія войскі перайшлі ў контрнаступленне пад Масквой.

контрпрапага́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Палітыка-выхаваўчая работа, накіраваная на выкрыванне паклёпніцкай прапаганды Захаду, якая імкнецца падрываць асновы сацыялістычнага ладу ў краінах, што будуюць камуністычнае грамадства.

контрпрапано́ва, ‑ы, ж.

Прапанова ў адказ на іншую прапанову. Выступіць з контрпрапановай.

контрразве́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Спецыяльныя органы дзяржавы для процідзеяння разведцы праціўніка, для барацьбы са шпіянажам, дыверсіямі і пад. Гонкель быў немец-каланіст з Украіны, даўнішні агент нямецкай разведкі. Але год шэсць назад савецкая контрразведка парвала ўсе ніткі яго сувязей, арыштавала ўсіх, хто ведаў яго і каго ён ведаў. Шамякін.