Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знаха́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да знахара, знахарства.

знаха́рства, ‑а, н.

Занятак знахара, знахароў. У старой гнеўна бліснулі вочы: — Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Шамякін.

знаха́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Займацца знахарствам. — Знахары, калі ўмееш! — згадзіўся Багдан. — Але ж ты ў нас доктар, а не знахар. Кулакоўскі.

знахо́джанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знаходзіць (у 1, 2 знач.).

2. Стан паводле знач. дзеясл. знаходзіцца (у 3 знач.). Абодва падсудныя былі бледныя: доўгае знаходжанне ў астрозе да суда налажыла на іх свой адбітак. Колас.

знахо́дзіцца, ‑хо́джуся, ‑хо́дзішся, ‑хо́дзіцца; незак.

1. Незак. да знайсціся (у 1, 2 знач.).

2. Зал. да знаходзіць (у 1–3 знач.).

3. Змяшчацца, быць размешчаным. Цагельня знаходзіцца за гумном. Бядуля. Школа знаходзілася на другім канцы вёскі. Даніленка. // Быць у тым ці іншым стане. Знаходзіцца пад уражаннем. □ [Лагер] быў .. зыходны і апорны пункт атрада, які ўвесь час знаходзіўся ў руху. Брыль. // Быць у чыім‑н. распараджэнні, належаць каму‑н. Дзераш адкрывае вочы інжынеру на тое, што зараз, у новых умовах, калі ўлада знаходзіцца ў руках рабочых, чалавек працы стаў іншы. Арабей.

знахо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Незак. да знайсці.

•••

Знаходзіць збыт — тое, што і мець збыт (гл. мець).

Не знаходзіць (сабе) месца — быць у стане крайняга непакою, хвалявання, трывогі.

знахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знайсці (у 1 знач.). Знаходка абоймы выклікала ў хлопца паток самых неверагодных, фантастычных думак. Гамолка.

2. Р мн. ‑дак. Знойдзеная рэч, прадмет і пад. Летась, купаючыся, напаткаў .. [Андрэй] выпадкам гэты дуб у пяску на дне Нёмана. Пачаў тупаць каля яго, зацікавіўся знаходкаю. Колас. // перан. Што‑н. новае, створанае, знойдзенае ў працэсе творчага пошуку. Паэтычныя знаходкі. □ У рэпартажы ёсць цікавыя моўныя знаходкі. «ЛіМ».

3. Пра каго‑, што‑н. удала знойдзенае, набытае і вельмі патрэбнае для каго‑, чаго‑н. — Тут кожны чалавек дораг, а ты, таварыш Кручын, для нас — проста знаходка. Хадкевіч. Муляр 7‑га разраду — знаходка для кожнай будоўлі. Дадзіёмаў.

•••

Стол знаходак гл. стол.

знахо́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць знаходлівага; здагадлівасць. Людзі наперабой хваліліся сваім спрытам, адвагай, знаходлівасцю. Асіпенка. Трэба было самому дадумвацца, праяўляць смеласць і знаходлівасць, быць наватарам. М. Ткачоў.

знахо́длівы, ‑ая, ‑ае.

Які ўмее лёгка і хутка выходзіць з цяжкага становішча; здагадлівы, дасціпны. [Васілю Макаравічу] падабаўся гэты рухавы, знаходлівы, смелы хлопец, вясёлая неўгамаваная душа. Шчарбатаў. Дасціпная, знаходлівая ва ўсіх іншых спрэчках і гаворках, тут.. [Маша] баялася, каб не сказаць глупства. Шамякін.

зна́цца, знаюся, знаешся, знаецца; незак.

1. Быць знаёмым, мець сувязі з кім‑, чым‑н. Гэта былі сыны або ўрачоў, або адвакатаў, а адзін, з кім Ян знаўся найбліжэй, быў сынам народнага настаўніка. Пестрак. Бонч-Бруевіч адкрыў пад восень школу ў светлым бацькоўскім доме. Кажуць, з Леніным знаўся блізка, як памочнік, таварыш даўні. Русецкі. // Сутыкацца з чым‑н., зведваць што‑н. Дружна працуем Мы грамадою, Знацца — не знаем З горам, з бядою. Купала.

2. Абл. Добра ведаць што‑н., разбірацца ў чым‑н. [Лявон:] Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў... Сам умеў прышчапляць. Купала. Адна жанчына расхвальвае свайго знаёмага, які вельмі знаецца па хваробах. «Полымя».