зла́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Высачыўшы, затрымаць, злавіць каго‑н. Генерал абвесціць усяму войску: «Шляхціч Ялавіцкі злапаў бальшавіцкага камісара». Баранавых. Выйсце адно. Пакуль не злапалі — трэба ў лес... Навуменка.
злапо́мны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і злапамятны. Лявон Нарбутовіч быў чалавек злапомны і помслівы. Чарнышэвіч.
злара́днасць, ‑і, ж.
Пачуццё радасці пры няшчасці, няўдачы другіх. «Што, даражэнькі, даездзіўся?!» — сказаў у думках Міхась, і нешта падобнае на злараднасць заварушылася ў яго душы. Васілёнак. [Паходня] быў упэўнены цяпер, што за яго кандыдатуру прагаласуюць усе — хто шчыра, ад душы, хто са злараднасцю: балбатаць ты майстар, а вось парабі сам. Хадкевіч.
злара́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Праяўляць злараднасць; радавацца пры няшчасці, няўдачы другіх. [Калгаснікі] сталі задумвацца, які ўпарты і надзейны чалавек іх старшыня. Яны ж не верылі [у электрыфікацыю], упіраліся, пасмейваліся з яго намаганняў, нават злараднічалі, а ён цвёрда рабіў сваё. Карпюк.
злара́дны, ‑ая, ‑ае.
Схільны да зларадства. Зларадны чалавек. // Які заключае ў сабе злую радасць пры няшчасці другіх. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы... З яго твару, афарбаванага баграю агнёў, не сходзіць усмешка, зларадная, помслівая ўсмешка. Колас.
злара́дства, ‑а, н.
Злая радасць пры няшчасці другіх. — Не надта ашчэрвайся, Ярмак. Голым пупам як свяціў, так і свяціць будзеш.., — аж прысеў Васіль у зларадстве. Дуброўскі.
зласлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан зласлівага. [Янукевіч] быў чамусьці не ў настроі, і ў голасе чулася зласлівасць. Хадкевіч.
зласлі́вец, ‑ліўца, м.
Той, хто пастаянна злуецца; злоснік. — Хай такая падзяка маім зласліўцам, як ты мяне слухаеш і як ты мне аддзякавала. Ермаловіч.