Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

варо́чанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. варочаць ​2.

варо́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад варочаць ​2.

варо́чацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да вярнуцца ​1.

варо́чацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Паварочвацца, пераварочвацца з боку на бок. Доўга не мог [Мікіта] заснуць, усёварочаўся з боку на бок, скідаючы з сябе коўдру. Галавач. // Разм. Рухацца, варушыцца. Тыя, хто ведаў, што ў зале вось-вось павінна паявіцца дэлегацыя сялян, неспакойна варочаліся, аглядаліся і гэтым парушалі цішыню. Барашка.

2. Круціцца, вярцецца. Магчыма, там грыміць пярун? Ці дзе варочаюцца жорны? Дубоўка. Хвалі злосна штурхалі нязграбную лодку, яна цяжка варочалася на адным месцы, увесь час памыкаючыся стаць бокам пад вецер. Зарэцкі.

3. Хіліцца, нахіляцца на бок. Марцін ішоў з аднаго боку, Гілёрык — з другога і дзяржалі вулей, каб ён не варочаўся. Колас.

4. Зал. да варочаць ​2 (у 1–3 знач.).

варо́чаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вярнуць ​1.

варо́чаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Перамяшчаць, пераварочваць з боку на бок што‑н. цяжкае. Варочаць бярвенні, мяшкі. □ На дварэ яшчэ грымела, нібы там хто варочаў каменне. Ваданосаў. Цэлую ноч Васілю снілася, што ён арэ: варочае і варочае велізарныя глыбы. Кулакоўскі. // перан.; што і без дап. Выконваць цяжкую работу. [Мазавецкі:] — Ты адно націскай на.. [Гушку], і ён табе, як вол, будзе работу варочаць. Чорны. // што. Паварочваць другім бокам, варушыць. Варочаць сена. □ Хто пёк сала, хто варочаў у прыску бульбу, а хто лежачы, напяваў сам сабе песню... Нікановіч.

2. што. Валіць на бок, перакульваць. А паны варочаюць кублы, куфры ў хаце, растрасаюць усё. Нікановіч.

3. што, чым. Круціць вакол восі. Гукаў цягнік, здаволены адпраўкай, варочаў каламі хутчэй штораз. Гілевіч. // Круціць, паварочваць у розныя бакі. [Захар Зынга] падбег да варот, выхваціў з рук чалавека пісьмо, доўга варочаў яго ў руках. Чорны.

4. перан.; чым. Разм. Распараджацца; кіраваць. Варочаць мільёнамі. Варочаць справамі.

•••

Варочаць мазгамі — абдумваць, разважаць.

Горы варочаць — выконваць работу, якая патрабуе вялікіх намаганняў.

Ледзь варочаць языком — з вялікай цяжкасцю, вельмі павольна гаварыць.

варсава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для варсавання. Варсавальная машына.

варсава́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца варсаваннем.

варсава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да варсавальшчык.

варсава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. варсаваць.

варсава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад варсаваць.

варсава́цца, ‑суецца; незак.

Зал. да варсаваць.