ша́хматны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з шахматамі (у 1 знач.). Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Колас. // Прызначаны для гульні ў шахматы. Шахматны столік. // Які гуляе ў шахматы, спаборнічае па шахматах. У снежні мінулага года шахматная грамадскасць Савецкай краіны адзначыла стагоддзе з дня нараджэння заснавальніка айчыннай шахматнай школы Міхаіла Іванавіча Чыгорына. «Беларусь».
2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шахматы. У шахматным парадку. □ Трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі.. шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Бядуля.
ша́хматы, ‑мат; адз. няма.
1. Гульня на дошцы, раздзеленай на 64 светлыя і цёмныя клеткі (палі), паміж 16 белымі і 16 чорнымі фігурамі па ўстаноўленых для іх правілах хадоў. Бухгалтар Селівей і планавік Ігнат у шахматы гулялі. Корбан.
2. Набор фігур для такой гульні. Расстаўляць шахматы.
[Ад перс. šāh mat — цар памёр.]
шахматы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Ігрок у шахматы. Дзядзя Ваня.. любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі. Якімовіч.
шахматы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да шахматыст.
ша́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.
Разм.
1. чым. Моцна стукнуць. Шахнуць дзвярыма.
2. Тузануць, ірвануць. Рукаў не хацеў закасвацца, быў цесны, і Алег шахнуў цераз галаву рубашку, збіўшы на лоб доўгія чорныя валасы. Ермаловіч.
3. З сілай разануць, адрэзаць. [Сямён:] — Добра, што піла была тупая, а так бы пальцы шахнула... Мыслівец. [Палонны] разаслаў шынель па зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак, спрытна, нейкім прафесійным рухам шахнуў буханку хлеба — раз! раз! — на чатыры кавалкі. С. Александровіч.
4. Шпурнуць, кінуць. Лічыльнікі.. Міцька шахнуў на край стала так, што аж затрашчалі касцяшкі. Паслядовіч.
шахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.
Разм. Аб’явіць шах. Шахнуць канём.
шахра́й, ‑я, м.
Разм. пагард. Жулік, чалавек, які любіць пажывіцца за кошт іншых.
шахра́йка, ‑і, ДМ ‑райцы; Р мн. ‑раек; ж.
Разм. пагард. Жан. да шахрай.
шахра́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шахрая, уласцівы шахраю. Шахрайскі ўчынак.
шахра́йства, ‑а, н.
Учынкі шахрая; жульніцтва. [Курловіч] сам заўважыў за Дзялендзікам шахрайства. Нічога не скажаш, ёсць у яго такая спекулянцкая прывычка. Скрыган.