Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нячу́ласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нячулага. Чалавечая нячуласць. Нячуласць да слова.

2. Нячулыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Праявіць нячуласць.

нячу́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены чуласці, спагадлівасці. Яму няма каму выказаць свае скаргі, выліць жаль і боль, бо навакол нячулыя, карыслівыя і неспагадлівыя людзі. Івашын. // Які выяўляе адсутнасць чуласці, спагадлівасці. Нячулыя адносіны да чужога гора.

2. Які не рэагуе на што‑н.; раўнадушны. [Настаўніца:] — Які вы ўсё ж нячулы чалавек — такая музыка, а вы яе бязлітасна хочаце перапыніць. Барашка.

нячу́тны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што не робіць шуму; якога не чуваць зусім; вельмі ціхі. Ішлі.. [пагранічнікі] у тую ноч, як заўсёды, па ўсіх правілах службы — самі нябачныя і нячутныя, аднак, бачачы і чуючы ўсё. Брыль. Каб не заснуць, [Ігнат] зноў падняўся і паціху, нячутнымі крокамі, доўга хадзіў па вагоне з канца ў канец. Галавач.

нячы́ста,

1. Прысл. да нячысты.

2. безас. у знач. вык. Брудна. У пакоі было нячыста.

нячы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.

2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.

3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.

4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.

6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.

7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячы́сты, ‑ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.

•••

Нячыстая сіла гл. сіла.

Нячысты дух гл. дух.

Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.

нячы́сцік, ‑а, м.

Разм. У забабонах — нячыстая сіла, чорт. [Антося] верыла ў павер’е, што ў тапельніка нячысцік забірае душу яшчэ перад смерцю... Барашка. // Ужываецца як лаянка. [Маці:] — Дачытаўся, нячысцік, што зусім здурнеў!.. Асіпенка.

нячы́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, пакрыты пылам, граззю. — Ну, ну, адвяжыся, гультай... Вунь стрэлкі нячышчаныя, а ён бадзяецца дзе. Лынькоў.

2. Пакрыты лускою, з лушпінамі. Толькі крывілася [дзяўчына], што рыба была нячышчаная, у попеле, без солі ды без хлеба. Маўр. Што варылі? Цяжка было разабраць: бульбу, бручку, буракі — усё нячышчанае. Навуменка.

нячэ́паны,

гл. нечапа́ны.

нячэ́саны 1,

гл. нечаса́ны ​1.

нячэ́саны 2,

гл. нечаса́ны ​2.

няшко́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няшкоднага.