нячысты, ‑ая, ‑ае.
1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.
2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.
3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.
4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.
5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.
6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.
7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячысты, ‑ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.
•••
Нячыстая сіла гл. сіла.
Нячысты дух гл. дух.
Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.