Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шаўрэ́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаўрэту. // Зроблены з шаўрэту.

шаўчы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Жонка шаўца.

ша́фа, ‑ы, ж.

1. Прадмет мэблі ў выглядзе высокай стаячай скрынкі з дзверцамі, які служыць для захоўвання чаго‑н. Тут [у святліцы] стаяла шафа, вялікі куфар, засланы белым абрусам, стол і нават некалькі крэслаў. Зарэцкі. Старая дастала з шафы слоік з маслам, аладкі, у шклянку наліла халоднага ўжо чаю. Мікуліч.

2. Прыстасаванне ў выглядзе скрынкі са створкай або дзверцамі, якое служыць для якіх‑н. мэт (сушкі, выпечкі і пад.). Сушыльная шафа. Выцяжная шафа.

ша́фер, ‑а, м.

Удзельнік вясельнага абраду, які выконвае даручэнні па распарадку і ў час вянчання трымае вянец над галавой жаніха (нявесты). Не трымалі шаферы вянцоў над галовамі маладых. Не было хору і нават падпявалы-дзячка. Машара. Пасля першамайскіх свят, якія прайшлі накшталт вяселля, толькі без бацькоў маладых, без свата, без шафераў і шаферак, Максіма адразу ахінулі клопаты неармейскага жыцця. Грамовіч.

[Ням. Schaffer.]

ша́ферка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Старшая дружка нявесты ў вясельным абрадзе. [Люба:] Дык будзь, Надзенька, у мяне за першую шаферку. Козел.

шафёр, ‑а, м.

Вадзіцель аўтамабіля. [Паўтарак:] Таварышы аўтазаводцы! Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Крапіва.

[Фр. chauffeur.]

шафёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шафёра, уласцівы яму. Шафёрскія правы. □ Я прыгадаў няпісанае шафёрскае правіла: лепш аб’ехаць сто кіламетраў па добрай дарозе, чым паўзці дзесяць па дрэннай. Хадкевіч. // Прызначаны для шафёра. Дзяўчына падбегла да шафёрскай кабіны, працягнула шафёру абедзве рукі з двума рамонкавымі букетамі. Янкоўскі. // Прызначаны для падрыхтоўкі шафёраў. Шафёрскія курсы.

шафёрства, ‑а, н.

Разм. Работа, прафесія шафёра.

шафёрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Працаваць шафёрам. Праз два месяцы [Майбарада] прыкаціў на наш двор на новенькай машыне, толькі што пафарбаванай у бледназялёны колер. І з таго часу пачаў шафёрыць. Скрыган. [Шкарута:] — Працуе [Мікола] са мной у адным гаражы. Шафёрыць, у бацьку ўдаўся. Мяжэвіч.

ша́фка, ‑і, ДМ ‑фцы; Р мн. ‑фак; ж.

Памянш. да шафа; маленькая шафа. Гузоўскі падбірае бібліятэчку з тэхнічных кніжак, майструе для іх шафку. Шынклер.