Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шаўкаво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаўкаводства, звязаны з ім. Шаўкаводны саўгас.

шаўкаво́дства, ‑а, н.

Развядзенне шаўкавічных чарвей з мэтай атрымання шоўку (у 1 знач.). Тутавыя гаі, якія вырастуць уздоўж каналаў, дадуць магчымасць займацца шаўкаводствам. «Полымя».

шаўкапра́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Матыль, вусень якога ўе коканы з шаўковага валакна, якое ён сам выдзяляе. / у вобразным ужыв. А рэактыўны шаўкапрад З хмурынкі белай Цягне пражу... Барадулін.

2. Матыль, вусень якога з’яўляецца небяспечным шкоднікам дрэвавых насаджэнняў. Апрача таго, ці не бачыў ён, Восіп Максімавіч, як хутка размнажаецца ў яго лясах сасновы шаўкапрад і сасновы рыжы пільшчык. Мяжэвіч.

шаўкатка́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаўкаткацтва; прызначаны для яго. Шаўкаткацкая вытворчасць. Шаўкаткацкі станок.

шаўко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шоўку (у 1, 2 знач.). Шаўковыя ніткі. Шаўковае валакно.

2. Звязаны з вырабам і апрацоўкай шоўку (у 1–3 знач.). Шаўковая фабрыка.

3. Зроблены з шоўку (у 2, 3 знач.). Шаўковая хустка. / у вобразным ужыв. Сонца кранула косамі струны шаўковыя раніцы. Васілёк.

4. перан. Разм. Лагодны, паслухмяны, добры (пра чалавека). — От бачыш [Генадзь], і начальнік дэпо цяпер шаўковы зрабіўся, — кажа Мікола. Васілёнак.

шаўко́ўніца, ‑ы, ж.

Дрэва або куст сямейства тутавых, лістамі якога кормяць вусеняў тутавага шаўкапрада; тутавае дрэва.

шаўро́, нескл., н.

Мяккая тонкая скура хромавага дублення, вырабленая са шкур коз.

[Фр. chevreau — казляня.]

шаўро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаўро, які з’яўляецца шаўро. Шаўровыя шкуры. // Зроблены з шаўро. У шаўровых чаравіках, У адзенні шлюбным Пад руку вядзе нявесту малады. Панчанка.

шаўро́н, ‑а, м.

Нашыўка з галуну ў выглядзе вугла на левым рукаве адзення салдат і малодшых афіцэраў (колькасць гэтых нашывак абазначае колькасць гадоў звыштэрміновай службы). Валока.. агледзеў.. пакамечаную, абсыпаную пылам постаць [ворага] з яфрэйтарскім шаўронам на разадраным да локця рукаве. Быкаў.

[Фр. chevron.]

шаўрэ́т, ‑у, М ‑рэце, м.

Падробленая пад шаўро скура хромавага дублення, вырабленая са шкур авечак.

[Фр. chevrette — козачка.]