Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мітусе́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. мітусіцца.

мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

мітуслі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць мітуслівага. [Пачулія:] — Найбольш мне мітуслівасць твая не падабаецца, я люблю працаваць спакойна: выйграў — добра, прайграў — плакаць не буду. Самуйлёнак. Варта было прыйсці Галынскаму, як разгубленасць і мітуслівасць зніклі. Галавач.

мітуслі́вец, ‑ліўца, м.

Разм. Той, хто мітусіцца (у 1, 2 знач.); неспакойны чалавек. Алёшка — мітуслівец, яму бясконца трэба блукаць і шукаць нечага. Хадкевіч.

мітуслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка і бесперапынна рухаецца ў розных напрамках. [Хлопцы] доўга і пільна прыглядаліся да шумных мітуслівых гракоў, клікалі Грышу. Якімовіч. Спалохана ўзляталі з прыдарожных соснаў мітуслівыя сарокі. Лынькоў. // Паспешлівы, неўраўнаважаны; бязладны. Ішлі хлопцы; беглі, каб не спазніцца, мітуслівыя дзяўчаты. Лынькоў. Рухі Пятра вуглаватыя, мітуслівыя і лёгка выдавалі яго як непрактычнага ў гаспадарчых справах інтэлігента. Ракітны.

2. Які мільгае, мітусіцца перад вачыма. Пры мітуслівым святле свечкі Анупрэй разгледзеў чалавек восем вайсковых. Грахоўскі. Да фермы набліжаліся мітуслівыя кроплі ліхтароў — беглі людзі. Місько. Агеньчыка ззаду не было — патух ці закрыла мітуслівая заслона завірухі. Мележ.

3. Неспакойны, поўны мітусні (у 1, 2 знач.). Мітуслівы горад. □ Усе былі стомлены, але тое, што такі гарачы і мітуслівы дзень прайшоў удала, бадзёрыла і радавала. Хадкевіч. // Якому ўласціва мітусня. Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Шамякін.

мітусня́, ‑і, ж.

1. Хуткі і бесперапынны рух у розных напрамках. З маленства .. [Алесь] любіў каток і тую мітусню, што панавала на ім. Шыцік.

2. Паспешнае, неспакойнае перамяшчэнне з месца на месца. У вагоне пачалася мітусня, якая звычайна бывае перад апошняй станцыяй. Васілёнак.

3. Бязладнае мільганне перад вачыма. Адкрыеш вочы, і зноў пачынаецца мітусня зданнёвых прывідаў, незразумелая галюцынацыя. Лынькоў.

мітусяні́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і мітусня (у 1, 2 знач.). І не спынілася машына, А ўжо пайшла мітусяніна: Хватаюць клумкі пасажыры, Пад рукі б’юць зайцыпраныры. Колас.

мі́тынг, ‑у, м.

Масавы сход для абмеркавання якіх‑н. палітычных або іншых надзённых пытанняў. Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Шамякін. Мітынг скончыўся клятваю біцца да канца з панамі, біцца за вызваленне працоўных. Колас.

[Англ. meeting.]

мітынгава́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мітынгаваць.

мітынгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

Разм.

1. Удзельнічаць у мітынгу, мітынгах, праводзіць мітынг. [Пан Антось:] — Парабкі ж, і тыя ўжо мітынгаваць пачалі — усе за даўгінаўцаў гарою стаяць. Бажко.

2. перан. Весці беззмястоўную, пустую размову. [Багуцкі:] — Я не люблю кідаць слоў на вецер. Раз сказаў — паставім, значыцца кропка. А мітынгаваць я не люблю. Лынькоў.