мітусі́цца, ‑тушуся, ‑тусішся, ‑тусіцца; незак.

1. Хутка і бесперастанку перамяшчацца ў розных напрамках. У лесе было ціха. Кукавала зязюля. Мітусіліся на высокіх соснах вавёркі. Курто. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат. // Бязладна і мітусліва рухацца; насіцца. Дзяўчына ў чоўне так мітусілася, што некалькі разоў ледзь не перакуліла яго. Маўр. Мітусіліся па ветры лянівыя сняжыны, садзіліся на твар, заляталі .. за каўнер шыняля. Галавач. // перан. Бязладна праносяцца, з’яўляцца і хутка знікаць у памяці. Думкі мітусіліся, усё ніяк не маглі прыйсці да ладу. Лынькоў. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ.

2. Увіхацца, мітусліва рабіць што‑н. [Шымет] яшчэ некалькі гадзін мітусіўся каля згружанай цэглы, папраўляў клеткі, нешта пералічваў, перамерваў. Кулакоўскі. Сама .. [гаспадыня] цяпер мітусілася па пакоі, перастаўляла з месца на месца крэслы, не ведаючы, дзе пасадзіць гасцей. Шахавец.

3. Мільгацець перад вачамі. Цяпер не чытае стары, вочы не так добра бачаць, літары мітусяцца і расплываюцца. Крапіва. // у безас. ужыв. У вачах мітусілася, некаторых нават пачало нудзіць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)