няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.
2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.
няўра́злівы, ‑ая, ‑ае.
Які не ўспрымае крыўды, насмешкі і пад. Няўразлівы характар.
няўро́бленасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан няўробленага. Няўробленасць глебы.
няўро́блены, ‑ая, ‑ае.
Які ніколі або даўно не ўрабляўся (пра зямлю, глебу і пад.); неапрацаваны. Больш за ўсё турбавала дзядзьку тое, што на новым месцы была няўробленая, недагледжаная зямля. Лужанін.
няўро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Разм. Дрэнны, нізкі ўраджай; недарод. Лугіны былі захоплены працай, бо ўсе ведалі, што скора надыдзе восень, што няўрод і неўмалот у гэтым годзе, а стараста з ураднікам — будуць збіраць падатак. Каваль.
няўро́кам, прысл.
Ненаўмысна; выпадкова. [Камандзір брыгады:] — У сон нешта хіліць... Як задрамлю няўрокам, разбудзі... Мележ. І калі якой парою Ты заблудзішся няўрокам, Дык гукні — і над зямлёю Пойдзе голас твой далёка. Кірэенка.
•••
Няўрокам кажучы гл. кажучы.
няўро́чны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца, адбываецца не ў вызначаны або не абумоўлены дагаворам час. Няўрочная работа.
няўры́мслівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няўрымслівага. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан.
няўры́мслівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа супакоіцца, суняцца; непаседлівы. Сам гарачы, няўрымслівы, .. [Рэндал] і другім не дае сядзець без работы. Гамолка. Толькі няўрымслівыя хлапчукі.. увесь час выскоквалі на віднае месца, за што ім перападала ад бацькоў і матак. Броўка. // Уласцівы такому чалавеку. Лёня спрактыкаваным вокам прыкмеціў, што не ад хвалявання стары такі рухавы — характар няўрымслівы. Новікаў. Няўрымслівая натура не давала .. [Ганне] спакою, асабліва цяпер, калі яна апынулася ў гушчы барацьбы. Няхай. // Які не сціхае, не змаўкае, не спыняе працяглы час сваёй дзейнасці. Кіпіць у цяснінах, ляціць на прастор Бурлівы, няўрымслівы Вахш. Кірэенка. Вее вецер вясновы, няўрымслівы, свежы. Зарыцкі.
2. Нецярплівы. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў яго станавіліся рахманыя, супакойныя, пакорлівыя. Дубоўка. Маленькім крыклівым няўрымслівым сынам наогул здаецца, што час стаіць на месцы... Гаўрылкін.
няўсе́длівы, ‑ая, ‑ае.
Які не вызначаецца ўседлівасцю. Няўседлівы вучань. □ З гнязда пад дахам птушаня малое, Няўседлівае, выйшла на карніз. Калачынскі.